Лукашэнка на адкрыцці «Славянскага базару» прыкметна кульгаў. А ўдзельніцу ад Украіны знайшлі толькі адну

Адзінай артысткай, якая пагадзілася ствараць эфект украінскай прысутнасці на канцэрце-адкрыцці фестывалю, стала Таісія Павалій. Блізкая да экс-прэзідэнта Віктара Януковіча, яна даўно жыве і спявае ў Расіі.

15.07.2022 / 10:04

Адметна, што ў дзень жудаснай атакі на Вінніцу народная артыстка Украіны спявала вясёлую песню са сцэны.

Украінскія артысты адмаўляюцца выступаць у Расіі і Беларусі пасля нападу на Украіну.

Адкрываючы фестываль, Лукашэнка выступіў і з палітычнымі заявамі. Ён адзначыў, што ў 1990-я гады, калі ствараўся «Славянскі базар», нельга было і падумаць, што адзіны славянскі свет, магутны сваёй тысячагадовай гісторыяй, будзе пастаўлены ва ўмовы палітычнага і культурнага выжывання.

«Мы нават не маглі ўявіць, што з палітычнай карты знікне дружалюбная нам Югаславія, постсавецкая прастора пагрузіцца ў шэраг узброеных канфліктаў, а блок НАТА, ваенны блок, пашырыцца на ўсход, раскідаўшы славян па розныя бакі барыкад», — заўважыў Лукашэнка.

Выказаўся ён і наконт сітуацыі ва Украіне, заявіўшы, што яе страцілі некалькі гадоў таму, а палітыкі «самі адмовіліся ад славянскай ідэнтычнасці». «Але чаго б нам гэта ні каштавала, на адкрыцці «Славянскага базару» гучала ўкраінская мова. І будзе гучаць, у тым ліку сёння», — сказаў ён. 

Пры гэтым учора працягваліся крывавыя атакі на Украіну. Ракеты і снарады падалі на Мікалаеў, Харкаў, Славянск, Северск, Данецк ды іншыя ўкраінскія гарады. Асабліва жудасныя наступствы мела атака на цэнтр Вінніцы, дзе ў офісным будынку, у медыцынскім цэнтры і на аўтапаркоўцы вакол іх загінулі 23 чалавекі, яшчэ 39 лічацца зніклымі без вестак, а больш за 100 параненыя. Сярод забітых — трое дзяцей.

Лукашэнка ў Віцебску, куды прыехаў на адкрыццё «Славянскага базару», прыкметна кульгаў. Гэта бачна на відэа, апублікаваным яго прэс-службай.

Адкрыццё фестывалю адбылося ўчора, Лукашэнка традыцыйна бярэ ў ім удзел.

Nashaniva.com