У Драгічыне затрымалі больш за 20 чалавек, большасць з іх — прадпрымальнікі. Што яшчэ вядома
Затрыманні пачаліся яшчэ ў аўторак. Людзей судзілі па адміністрацыйным артыкуле 24.3 — «непадпарадкаванне службовай асобе».
17.07.2022 / 18:28
Калаж «Вясны» са скрыншотаў відэа, апублікаваных у праўладным тэлеграм-канале
«Людзі, якіх затрымалі, займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. З тых, каго магу назваць, — Андрэй і Ірына Малашыцкія. Самі яны людзі добрыя, працавітыя. У іх ёсць у горадзе сваё кафэ, крамы. Наколькі ведаю, яны яшчэ здавалі памяшканні іншым прадпрымальнікам.
Таксама адна з адметнасцей — у большасці з затрыманых дзеці знаходзяцца за мяжой. Ці мела гэта нейкае значэнне — не ведаю», — расказвае сваяк аднаго з затрыманых.
Масавыя затрыманні прайшлі ў Драгічыне, вядома пра як мінімум 10 чалавек
Уварвалася ў дамы людзей не мясцовая міліцыя. Сілавікі прыехалі з Мінска.
«Пры вобшуку развярнулі ўсё, — расказвае мясцовы жыхар. — Нашы міліцыянты так бы сябе не паводзілі. Яны ведаюць, што сёння яны так зробяць, а заўтра ім трэба будзе звярнуцца да кагосьці з затрыманных. Напрыклад, абутак парамантаваць, у кафэ схадзіць ці яшчэ штосьці. Яны разумеюць, што ім з гэтымі людзьмі жыць у адным горадзе.
Пры вобшуку глядзелі тэлефоны, калі нешта знаходзілі, то забіралі і камп'ютары. Некаторым потым вярнулі, некаторым не.
Затрыманым у сярэднім ад 45 гадоў. Ведаю, што таксама адзін малады хлопец трапіў. Ён вярнуўся з Чэхіі на нейкі перыяд і яго ўзялі».
Андрэй Малашыцкі. Фота: сацыяльныя сеткі
Сам ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы. Якой канкрэтна — невядома.
«Для ўсіх таямніца, чаму іх траслі. Усім, да каго прыйшлі, аформілі адміністрацыйны артыкул 24.3 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы). Іх адправілі ў мясцовы ІЧУ, на наступны дзень быў суд. Далі невялікія штрафы (па 3-5 базавых) і адпусцілі.
Назваць імёны і прозвішчы я не магу. Яшчэ ў аўторак размаўляў з дзецьмі астатніх затрыманых, мы вырашылі пакуль не прыцягваць увагу да гэтага», — кажа суразмоўца.
Ірына Малашыцкая. Фота: сацыяльныя сеткі
Мужчына лічыць, што людзей хацелі проста запалохаць. Наўрад ці з прапрымальнікаў спрабавалі такім чынам стрэсці грошы.
«Проста яны, як кажа Сяргей Чалы, не прэзідэнцкі народ. Таксама ў нас у горадзе насельніцтва не падтрымлівае тое, што адбываецца ва Украіне. У людзей сваякі там».
Сярод затрыманых, наколькі вядома, былі і былыя супрацоўнікі міліцыі.
«Яны сыходзілі са службы не толькі з-за маральных перакананняў, у іх ужо на той момант былі маленькія бізнэсы, аформленыя на іншых, напрыклад, ім было за што карміцца», — кажуць у Драгічыне.
Днямі паведамлялася, што на тэрыторыі Драгічынскага раёна пройдуць мерапрыемствы па падрыхтоўцы вайскоўцаў і падраздзяленняў. Інфармацыю пра гэта даваў «Беларускі Гаюн» і мясцовая раёнка.
«У найбліжэйшы час у любы час сутак праз тэрыторыю раёна і населеныя пункты магчымы рух калон вайсковай тэхнікі», — пісалася ў газеце.
Вучэнні, якія былі таксама ў Іванаве, па днях супадаюць з масавымі затрыманнямі ў гэтых раёнах.