Кроў на пратаколе і 25 сутак па двух артыкулах. Чарговы прысуд у Іванаве
У райцэнтры Іванава 13 ліпеня адбываліся масавыя затрыманні. Іх правёў сталічны ГУБАЗіК выязным рэйдам. Ужо два дні ідуць суды.
15.07.2022 / 17:53
Калаж: Вясна
Андрэю Дражыну далі 25 сутак арышту. Мужчыну судзілі адразу па двух «народных» артыкулах — за пікетаванне і непадпарадкаванне. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Пад пікетаваннем меўся на ўвазе намаляваны на гаражнай браме герб Пагоня, які яшчэ ў 2007 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Брама з гербам была нябачная як з дарогі, так і з боку суседзяў. Пагоня там месцілася ўжо каля 10 гадоў. Але сілавікі заўважылі яе толькі падчас пазаўчорашняга ператрусу.
Падчас затрымання сілавікі паклалі Андрэя Дражына на падлогу і надзелі кайданкі. Мужчыну падрапалі нос — пашкоджанні відаць на «пакаяльным» відэа. Апроч гэтага у Андрэя з'явіліся сінякі на руках і нагах. Праз разбіты нос было шмат крыві. Кажуць, што кроў была нават на пратаколах.
Частку іншых затрыманых судзілі яшчэ ўчора. Але на некаторых склалі па некалькі пратаколаў. Так, жыхарку райцэнтра Марыну Кіявец, якой ужо далі 29 базавых штрафу за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», не адпусцілі з ізалятара — будуць судзіць яшчэ па двух пратаколах.