Біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў маліцца за зняволенага віцебскага святара
Ён звярнуўся да вернікаў у фэйсбуку.
17.07.2022 / 23:54
Ксёндз Андрэй Вашчук. Фота: старонка парафіі ў VKontakte
«Хачу папрасіць усіх неабыякавых людзей аб малітве за каталіцкага Святара, ксяндза Андрэя Вашчука, сальватарыяніна, які знаходзіцца за кратамі.
Гэта Святар (я свядома пішу гэта слова з вялікай літары ў дачыненні да айца Андрэя) паводле Божага Провіду і высакародны Чалавек.
Айцец Андрэй цалкам адданы Богу, Касцёлу і людзям. Служыць усім, аддаючы сябе без рэшты.
Мы молімся за ўсіх, каму патрэбна Божая дапамога падчас выпрабаванняў, асабліва ў часе пераследу і рэпрэсій.
Наша малітва — гэта сіла і моц, гэта тая «добрая частка», якая не адымецца ў нас (пар. Лк 10, 38-42)», — напісаў біскуп Касабуцкі.
Ксяндза Андрэя Вашчука, пробашча парафіі Святога Духа ў Віцебску, затрымалі ў Віцебску ў пятніцу, 15 ліпеня.
Святару інкрымінуюць ч. 1. 24.23 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Прычынай затрымання, па звестках Радыё Свабода, стаў, імаверна, рэпост «апошняга слова» Змітра Дашкевіча ў судзе.
Некаторы час святар знаходзіўся ў Першамайскім РУУС, пазней яго перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Суд мае адбыцца ў панядзелак.