Іранскі аятала Хаменеі падтрымаў рашэнне Пуціна аб уварванні ва Украіну

У Тэгеране 19 ліпеня прайшла серыя сустрэч у двухбаковым і трохбаковым фармаце — паміж прэзідэнтамі Расіі і Турцыі Уладзімірам Пуціным і Рэджэпам Таіпам Эрдаганам і лідарамі Ірана — духоўным правадыром (рахбарам) аяталой Алі Хаменеі і прэзідэнтам Ібрахімам Раісі. Падчас сустрэчы Пуціна з Хаменеі апошні адкрыта падтрымаў ягоныя дзеянні ва Украіне.

19.07.2022 / 22:59

Аятала Алі Хаменеі і Уладзімір Пуцін падчас асабістай сустрэчы. Пуцін тут фактычна апынуўся ў той жа ролі, якую сам стварае для сваіх гасцей у Крамлі — сядзіць на вельмі далёкай адлегласці ад гаспадара, хоць і без доўгага стала 

У размове з Пуціным Хаменеі крануўся прычын вайны ва Украіне. З аднаго боку, ён выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што падчас вайны «пакутуюць простыя людзі», з другога ж фактычна абвінаваціў Украіну і Захад у правакаванні Расіі.

Звяртаючыся да Пуціна, Хаменеі сказаў практычна сугучна з расійскай афіцыйнай прапагандай:

«Калі б вы не ўзялі на сябе ініцыятыву, гэта зрабіў бы іншы бок».

Раней Іран не выказваў настолькі адкрытай падтрымкі Расіі ў яе дзеяннях у дачыненні да Украіны пасля 24 лютага, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне войскаў РФ у гэтую краіну.

Напярэдадні візіту Пуціна расійскі «Газпрам» і іранская нацыянальная нафтагазавая кампанія (NIOС) падпісалі «мемарандум аб узаемаразуменні», які тычыцца інвестыцыйных праектаў на суму 40 млрд даляраў.

Іран — тэакратычная дзяржава, вярхоўная ўлада ў ёй належыць духавенству. Хоць бягучую ўладу ажыццяўляюць свецкія прэзідэнты, якія рэгулярна мяняюцца і не могуць быць на пасадзе больш за два пяцігадовыя тэрміны, над імі знаходзіцца духоўны лідар — аятала, улада якога зусім не фармальная. І рэгулярнай ратацыі гэтая пасада не прадугледжвае.

Алі Хаменеі кіруе Іранам аж з 1989 года, калі памёр лідар Ісламскай рэвалюцыі 1979 года аятала Рухала Хамейні. Да гэтага Алі Хаменеі з 1980 года быў прэзідэнтам Ірана.

Nashaniva.com