«Ну, менш фантазій». Як сілавік кіраваў дыспетчарам пры пасадцы Ryanair і як «карэктавалі» афіцыйныя справаздачы РАСШЫФРОЎКІ

У апублікаваным дакладзе ICAO па інцыдэнце з Ryanair прыведзены расшыфроўкі размоў дыспетчара з экіпажам і сустрэчы, калі пад дыктоўку «Белаэранавігацыі» пісалася правільная версія справаздачы. Гэтыя запісы былі зроблены на тэлефон дыспетчара. Прыводзім самыя важныя фрагменты гэтых расшыфровак.

20.07.2022 / 17:15

Кадр з сюжета АНТ

Дыспетчар, які пасля ўцёк з Беларусі, хваляваўся, што праз прысутнасць чалавека са спецслужбаў звычайныя запісы авіядыспетчарскіх паведамленняў будуць знішчаныя, таму вырашыў запісаць на смартфоне свае перамовы з бортам і з людзьмі, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад яго працоўнага месца. 

Перамовы пад дыктоўку «неўстаноўленай асобы»

Адна з расшыфрофак — перамовы дыспетчара і экіпажа самалёта Ryanаir. Разам з дыспетчарам у кабінеце прысутнічае неўстаноўленая асоба (меркавана, супрацоўнік КДБ), які час ад часу дыктуе яму, што казаць. Запіс падаем са скарачэннямі (мы абазначылі іх […]). Запіс пачынаецца ў 12:28 і заканчваецца каля 13-й гадзіны па мінскім часе.

Тут ёсць некалькі дзеючых асобаў. Дыспетчар, начальнік змены, меркаваны спецслужбіст, які кантралюе працэс, і ўласна экіпаж борта Ryanair (у расшыфроўцы: пілот).

Пілот: Добры дзень, Ryanair one-tango-zulu, узровень палёту тры-дзевяць-нуль.

Дыспетчар: Мінскі кантроль, добры дзень, радыёкантакт.

Дыспетчар: … таму, што ён у мяне не гэта … разумееш, тым больш я яшчэ … і трэба мне астатнія барты назіраць. Вядома было б зручней вось там працаваць.

Меркаваны спецслужбіст: Няма тут нікога…, дакладней нікога, вось і ўсё.

Дыспетчар: [імя не выдаецца], можа мне ўсё ж такі на той вярнуцца, там хоць бы відаць абстаноўку, тут наогул…

Начальнік змены: Гавары! Вось гэта кантралюецца, што падкажа…

Дыспетчар: Усё, добра, добра.

Начальнік змены: Усё, можаш казаць.

Дыспетчар: Так, я пачынаю са «спецслужбаў», тое што нам паведамілі… тое, што ў нас…

Начальнік змены: Спачатку скажы «інфармуем вас»… так.

Дыспетчар: Так. Мы маем інфармацыю ад спецслужбаў. У вас бомба на борце.

Начальнік змены: …якая можа спрацаваць над Вільнюсам, таму «дзеля мэтаў бяспекі мы рэкамендуем вам прызямліцца… у Мінску…»

Дыспетчар: Ага. Добра.

Дыспетчар (пілотам): Ryanair one-tango-zulu, да вашага ведама, у нас ёсць інфармацыя ад спецслужбаў пра тое, што ў вас на борце ёсць бомба, якая можа спрацаваць у Вільнюсе.

Пілот: Пачулі, рэжым чакання.

Начальнік змены: Скажы «з меркаванняў бяспекі» […] Працягвай, працягвай, каб хутчэй.

Дыспетчар (пілотам): Рэйс Ryanair one-tango-zulu, і з меркаванняў бяспекі мы рэкамендуем вам прызямліцца ў аэрапорце Мінска.

Пілот: Добра… зразумела… дайце нам хвіліну […] Паведамленне пра бомбу, адкуль яно? Адкуль вы атрымалі інфмармацыю?

Начальнік змены: Пачакайце (пытаецца ў меркаванага спецслужбіста).

Меркаваны спецслужбіст: Email, email.

Начальнік змены: Email… а на які адрас?

Дыспетчар: Ён… сказаў: «Ад каго вы атрымалі гэтую інфармацыю?» (перакладае словы пілотаў меркаванаму спецслужбісту, які не валодае ангельскай).

Меркаваны спецслужбіст: Да вас прыйшоў ліст на электронную пошту.

Начальнік змены: Да нас?

Меркаваны спецслужбіст: Так.

Начальнік змены: Эээ…?

Меркаваны спецслужбіст: Аэрапорт… аэрапорт вам перадаў. На пошту аэрапорта прышло.

Начальнік змены: Эээ… скажы «з аэрапорту», напэўна.

Меркаваны спецслужбіст: На email прыйшло.

Начальнік змены: Ээээм… служба бяспекі аэрапорту атрымала email.

Minsk ACC: Ryanair one-tango-zulu, служба бяспекі аэрапорту сказала, што яны атрымалі ліст па электроннай пошце.

Пілот: …Прынята. А гэта з аэрапорта Вільнюса ці Грэцыі?

Меркаваны спецслужбіст (адказвае пасля таго, як яму пераклалі): Ну, кшталту, гэта масавая рассылка была ў розныя аэрапорты.

Дыспетчар (пілотам): Ryanair, еmail даслалі… у некалькі аэрапортаў […]

Меркаваны спецслужбіст (інфармуе начальства, размова зразумелая не цалкам): Дыспетчар паведаміў ну, што там бомба… ён кажа… з аэрапорта… […]

Пілот: Ці можаце вы назваць код IATA аэрапорта, кіраўніцтва якога рэкамендавала вам перанакіраваць нас на Мінск?

Дыспетчар (пілотам): Зразумеў, чакайце, калі ласка […]

Дыспетчар: Ён пытаецца код аэрапорта, які даў указанне яму ісці на гэты… на запасны…

Пілот: Яшчэ раз, гэтая рэкамендацыя перанакіраваць у Мінск, адкуль яна ўзялася? Кампанія? Прыйшла ад… кіраўніцтва аэрапорта адпраўлення або ўладаў аэрапорта прыбыцця?

Начальнік змены: Толькі для нашага… толькі наша рэкамендацыя.

Дыспетчар (пілотам): Гэта наша рэкамендацыя.

Пілот: Паўтарыце?

Дыспетчар (пілотам): Гэта наша рэкамендацыя […]

Іншы кантралёр [імя схаванае]: Чатыры хвіліны да перасячэння мяжы, або зніжэнне.

Дыспетчар (пілотам): Скажыце пра ваша рашэнне.

Пілот: Я мушу ў вас запытацца. Які ўзровень небяспекі: зялёны, жоўты або чырвоны?

Дыспетчар (пілотам): Чакайце.

Дыспетчар: Ён кажа, код паведамлення жоўты або чырвоны?

Меркаваны спецслужбіст: Ну, няхай чырвоны будзе, чырвоны.

Дыспетчар (пілотам): Яны кажуць, код чырвоны (словам яны дыспетчар хацеў падкрэсліць, што ягонымі дзеяннямі кіруюць).

Пілот: Прынята, запытваем магчымасць трымаць цяперашнюю пазіцыю.

Дыспетчар (пілотам): Вас зразумеў, захоўвайце сваю пазіцыю, падтрымлівайце ўзровень палёту тры-дзевяць-нуль, паварочвайце па сваім меркаванні […]

Меркаваны спецслужбіст (па тэлефоне): Пакуль прымае рашэнне. Ну, пакуль так. Пакуль пасылаюць толькі. Ну пакуль не прыняў (неразборліва), пару хвілін да выхаду з зоны нашай… каля дзяржмяжы. Ну так, ён пытаецца: які колер там, жоўты ці чырвоны, ну, небяспекі. Ён кажа чырвоны. Ну, пакуль ён прымае рашэнне…. Яны можа адмыслова цягнуць час, хто яго ведае. Так, зразумеў. Не, не, не. Ну так… ён.

Пілот: Мы аб'яўляем надзвычайную сітуацыю, МЭЙДЭЙ, МЭЙДЭЙ. Накіруйце нас у аэрапорт Мінска.

Дыспетчар (пілотам): Прынята, чакаем вектараў.

Меркаваны спецслужбіст: На аэрапорт ідзе?

Дыспетчар: Так… усіх разварочвайце, ідзе на Мінск.

Меркаваны спецслужбіст: Ну… то-бок, згадзіўся сядаць, так?

Дыспетчар: Так, так.

Меркаваны спецслужбіст: Усё, разварочваецца, так?

Дыспетчар: Так, разварочваецца, цяпер зніжаецца.

Пасля гэтага сілавік выйшаў з кабінета і накіраваўся «сустракаць самалёт». У справаздачы апісваецца таксама, што адбывалася тым часам у кабіне самалёта і як на змушаную пасадку адрэагаваў Раман Пратасевіч:

«Камандзір паветранага судна зрабіў аб'яву для пасажыраў, паведаміўшы ім пра перанакіраванне ў Мінск у сувязі з праблемамі ў галіне бяспекі. Калі экіпаж рыхтаваў пасажырскі салон да пасадкі, адзін з пасажыраў падняўся і звяртаючыся да аднаго з членаў экіпажа паведаміў, што не можа ляцець у Мінск, выгукнуўшы: «Я знаходжуся там у вышуку, яны мяне заб'юць». Старэйшы бортправаднік, якога член экіпажа праінфармаваў аб гэтым інцыдэнце, спрабаваў супакоіць пасажыра, які знаходзіўся ў паніцы».

Праз дзесяць хвілін самалёт сеў у мінскім аэрапорце. Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Соф'ю Сапегу затрымалі, а астатнія пасажыры (апроч трох) накіраваліся ў Вільнюс.

Перамовы ў кабінеце аб «карэкціроўцы» справаздачы

Гэта сустрэча кантралёра з начальнікам змены і намеснкіам генеральнага дырэктара «Белаэранавігацыі» 1 чэрвеня 2021 года. Сутнасць у тым, што ён просіць выправіць справаздачу наконт інцыдэнта, каб яна супадала з «афіцыйнай» версіяй. Падаем яе са значнымі скарачэннямі.

Нам. ген. дырэктара: Акурат паспеў боршч з'есці […]

Нам. ген. дырэктара: Глядзіце, цяпер я вам дам лісткі, трэба будзе карэкціроўкі сякія-такія ўнесці, яны нязначныя, але… чаму-таму, што, эээ, у радыёабмене трошкі іншыя фігуруюць… Трошкі іншы час фігуруе. Таму трэба бліжэй да радыёабмену напісаць, каб вы, эээ, ну менш фантазій, правільна? [ … ] Ручкі ёсць ці даць?

Кантралёр: Так, ёсць. Выбачайце, мы можам прама тут выпраўляць?

Нам. ген. дырэктара: Вядома, не, ну, вы тут можаце паправіць, але там, у вас нязначна, у вас крыху больш. Значыць, вось глядзіце, па тэксце… Значыць, час, вось тут «па службовым» выключаем, па мабільным тэлефоне або сотавым тэлефоне. Значыць, вы атрымалі інфармацыю, пішыце — «прыблізна, у дзевяць дваццаць восем».

Кантралёр: Я ўжо выправіў, тут дзевяць дваццаць дзевяць.

Нам. ген. дырэктара: Дзевяць дваццаць восем, пішыце — «прыблізна, у дзевяць дваццаць восем, атрымаў з дапамогай мабільнай сувязі». […]

Начальнік змены: «Ад дзяжурнага па аэрапорце» — тут усё так і застаецца?

Нам. ген. дырэктара: Так, так, так, дзяжурнага…Значыць эээ, значыць, значыць… ну пакуль пішыце па…пе… «Прыблізна ў дзевяць дваццаць восем атрымаў з дапамогай мабільнай сувязі» […].

Агулам размова і выпраўленне занялі каля паўгадзіны рэальнага часу. У прамежку гендырэктар вырашаў нейкія справы: выходзіў і заходзіў, падпісваў дакументы, гутарыў і перапісваўся.

Расшыфроўкі ўсіх перамоў і высновы ICAO можна цалкам прачытаць у дакладзе.

Фэйкавы скрыншот? Як адна дэталь з расследавання пасадкі Ryanair ставіць пад сумнеў версію афіцыйнага Мінска

Nashaniva.com