Жонка Зяленскага выступіла ў Кангрэсе і папрасіла зброі для Украіны
Алена Зяленская, жонка ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, выступіла ў Кангрэсе ЗША і папрасіла выдзеліць Украіне сродкі СПА. Яна стала першай жонкай замежнага лідэра, якая выступіла ў Кангрэсе ЗША.
20.07.2022 / 23:50
«Я цяпер прашу рэч, якую ніколі б не хацела прасіць. Я прашу ў вас зброю. Зброю не для таго, каб несці вайну на чужую зямлю, а каб абараніць свой дом і права прачынацца ў ім жывымі. Я прашу ў вас сістэмы супрацьпаветранай абароны, каб ракеты не забівалі дзяцей у іх калясках. Каб яны не разбуралі дзіцячыя пакоі і цэлыя сем'і», — сказала яна.
Алена Зяленская заклікала амерыканскі народ дапамагчы спыніць тэрор супраць украінцаў, заявіўшы, што гэта «будзе нашай агульнай вялікай перамогай у імя жыцця, свабоды і імкнення да шчасця кожнага чалавека і кожнай сям'і».