Каліновец Аўдзей: Вайна не падобная да фільмаў. Самае прыемнае — адрэналін. Мы пераможам, і будзе ўдар па Лукашэнку
Аляксей «Рыжы» Аўдзей на вайне ўжо чатыры месяцы. У сацсетках стаў папулярным ролік пра тое, як Аляксей смажыць дранікі на перадавой. У інтэрв'ю «Свабодзе» хлопец расказаў пра свой шлях — ад пратэстаў у Беларусі да ўзяцця ў палон расійскіх салдат.
24.07.2022 / 13:07
Аляксей «Рыжы» Аўдзей.
«Дранікі смажыў шэсць гадзін»
— Адкуль вы родам? Дзе вучыліся, дзе працавалі?
— Нарадзіўся я ў вёсцы Заастравечча Клецкага раёна. Мне 23 гады. Займаўся ўсім пакрыху. Спрабаваў сябе як кухар, спрабаваў як праграміст. Але нідзе сябе пакуль не знайшоў. Кухарам працаваў зусім нядоўга: калі мне занятак вельмі падабаецца, то не вельмі ўспрымаю яго як працу. Заўсёды падабалася штосьці цікавае прыгатаваць, кагосьці накарміць.
— А фірмовая страва ёсць?
— Мяркую, што дранікі. Я іх часта гатую, яны простыя ў прыгатаванні. Калі я ў кагосьці ў гасцях, то заўжды прапаную прыгатаваць дранікі.
— З мукой ці без мукі?
— Залежыць ад бульбы, ад колькасці крухмалу. Калі патрэбная гусцейшая маса, то муку ўсё ж трэба дадаць.
— Вельмі прыгожае відэа, дзе вы гатуеце на фронце дранікі.
— Насамрэч, гэта першы падобны досвед. У асноўным жа стараюся паболей на заданні хадзіць. Тут жа выдалася вольная хвілінка, прыехалі да ўкраінскіх вайскоўцаў, яны кажуць, што ў іх ёсць бульба. А я якраз захварэў. Кажу, магу прыгатаваць дранікі. У выніку стаяў і смажыў іх шэсць гадзін. Трэба ж было ўсіх накарміць.
— Добра гаворыце па-беларуску, адкуль гэта?
— Раней любіў чытаць па-беларуску. І гэтыя пасіўныя веды засталіся. Толькі пачаў аднаўляць працэс размоваў па-беларуску, таму часам складана гэта рабіць.
Аляксей «Рыжы» Аўдзей
«Размаляваў міліцэйскую машыну»
— Раскажыце пра свой удзел у падзеях 2020 года?
— Стараўся актыўнічаць. Разам з групай людзей рабілі самыя розныя акцыі: і адкрытыя, і не вельмі. Вешалі геліевыя шарыкі, псавалі «Табакеркі», адзін раз атрымалася нават зрабіць а-та-та міліцэйскай машыне (смяецца). Я а 4—5 ранку, калі ўсе спалі яшчэ, выходзіў з балончыкам фарбы і маляваў на «Табакерках». Аднойчы ўбачыў міліцэйскую машыну, якая стаяла без нагляду, напісаў на ёй «3%» і «Ты хутка сядзеш». Не лавілі, толькі аднойчы сур’ёзна давялося ўцякаць. Але ў мяне заўжды быў з сабой запасны камплект адзення. Я забягаў кудысьці, хуценька пераапранаўся і выходзіў. Так я проста прайшоў міма тых хлопцаў, якія мяне праследавалі.
— У шэсцях удзельнічалі?
— Так, пачаў яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Мяне ўпершыню затрымалі 14 ліпеня 2020 года, калі арыштавалі Віктара Бабарыку. Мяне тады нават на «суткі» не пасадзілі, ноч пратрымалі ў спартзале, нават не білі нікога, проста выпусцілі. З таго моманту я ўдзельнічаў у адкрытых акцыях, а вечарамі рабіў свае справы. Але самыя важныя для мяне падзеі 9—11 жніўня, тады можна было нешта зрабіць. Я прыхільнік больш радыкальных метадаў, сам гэты таварыш не сыдзе.
— Барыкады таксама будавалі?
— Застаўся нават фотаздымак з падзей на «Рызе» 10 жніўня. 11-га мяне затрымалі з заплечнікам, дзе была манціроўка, каска, рэспіратар — поўны фарш. Мне за гэта моцна дасталася. Ноч трымалі ў гаражах, у мяне была майка з Пагоняй, мяне моцна мурыжылі праз гэта. Але з таго моманту мне пачало шанцаваць: атрымалася трапіць не ў аўтазак да Жодзіна, а ў машыну хуткай дапамогі.
Аляксей «Рыжы» Аўдзей з палоннымі расіянамі
«Я ніводнага дня не жыў без Лукашэнкі, хацеў гэта змяніць»
— Што было трыгерам, чаму вы далучыліся да пратэснага руху?
— Убачыў магчымасць нешта змяніць. Мне 23 гады, Лукашэнка ж кіруе ўжо 28 гадоў, я ніводнага году без яго не жыў. Не лічу, што гэта нармальна. Я пабачыў шанец і паспрабаваў ім скарыстацца.
— У вас тату «23.34», калі яе зрабілі?
— На Дзень Волі ў 2021 годзе. Адбыўся такі прыліў патрыятызму, вырашыў выказаць салідарнасць з тымі, хто хоча перамен, а асабліва з тымі, хто сядзіць за гэтае жаданне. Нядаўна пабачыў на гэтых «Сливах», што на мяне заведзеная крымінальная справа. Па шчырасці, перастаў за гэтым сачыць. Але я на той момант ужо быў у Польшчы, мне было абыякава. Я да вайны нават думаў, што ўсё даўно замарожана і шанцы адтаяць роўныя нулю.
— Калі вы з'ехалі з краіны?
— 11 жніўня ў мяне атрымалася выбрацца, як я казаў, бо была вельмі сур’ёзная траўма нагі. Яшчэ некалькі дзён адлежваўся. 18 жніўня я выехаў ва Украіну, пратусаваўся там пару тыдняў, дачакаўся візы і з'ехаў у Польшчу.
— Не парываліся вярнуцца?
— Не-а. Пагроза крымінальнай справы відавочная. Мне пісалі, што пасадзяць, калі вярнуся. Я пабачыў, што ёсць краіны, дзе можна дыхаць больш вольна. Я прыняў рашэнне, што вярнуся толькі тады, калі ўлада ў краіне зменіцца. Я такі падарожнік: у Польшчы доўга не затрымаўся, вярнуўся ва Украіну, потым паляцеў у Грузію. Часта пераязджаю, мяняю працу. Імкнуся паглядзець свет.
Аляксей «Рыжы» Аўдзей
«Паабяцаў дзяўчыне-ўкраінцы, што буду ваяваць»
— Як вы сустрэлі дзень 24 лютага, калі пачалася вайна?
— Гэты дзень я сустракаў у чаканні. Я тады быў у Грузіі, стаў актыўна сачыць за навінамі пасля «гістарычнай байды» ад Пуціна пра «ЛНР» і «ДНР». З таго моманту я зразумеў, што гэта здарыцца вось-вось. Украіна за восем гадоў стала нашмат мацнейшай, здарыўся такі прыліў патрыятызму ў людзей, я разумеў, што яны проста так сваё не аддадуць.
— Калі зразумелі, што паедзеце на вайну?
— Год таму я сустракаўся з украінкай, я тады жыў у Адэсе. Я ёй сказаў, што калі будзе вайна, то паеду ваяваць. Сумневаў у мяне не было. Проста затрымаўся працэс, бо я быў у Грузіі. Паколькі беларусам усе шляхі, апроч Польшчы, былі закрытыя, то давялося чакаць візы ў Тбілісі цэлы месяц. Грузіны з сабой не бралі, бо ў мяне пашпарт краіны-агрэсара. Прыехаў 28 сакавіка. У Варшаве адразу пайшоў на пункт прыёму. Там спыталі, калі гатовы ехаць, адказваю, што хоць цяпер. Мне кажуць, калі паспеюць праверыць цябе спецслужбы ўкраінскія, то паедзеш заўтра. Я пераначаваў у знаёмага і паехаў адразу ва Украіну. Дзесьці тыдзень ці два я правёў у вучэбцы, а потым мяне ўжо перавялі на баявы кірунак у Мікалаеў. Потым наша рота і частка іншай трансфармавалася ў батальён «Волат».
— У вас добрая фізічная падрыхтоўка?
— Той месяц, які я рабіў дакументы ў Грузіі, актыўна заняўся спортам. Разумеў, што «фізуха» павінна быць лепшай, чым была.
«Стралковы бой быў толькі тройчы»
— Пра баявыя заданні можаце расказваць ужо?
— Са значнага — гэта наступ у Херсонскай вобласьці, калі ён ішоў па вялікай лініі фронту. Быў у Севераданецку два тыдні. Гэтая вайна, папраўдзе, не падобная да той, што паказваюць у фільмах. Гэта найперш вайна артылерыі. Я часта бываю ў першых шэрагах, але стралковы бой у мяне пакуль здараўся тройчы.
— Якія былі адчуванні ад першых баёў?
— Шчыра? Я думаў будзе нашмат страшней, вялікі прыліў адрэналіну. Галава пачынае працаваць у некалькі разоў хутчэй, бо ад гэтага залежыць тваёй жыццё. Я не ведаю, як гэта патлумачыць словамі, але гэта такі адрэналінавы кураж, мне спадабаліся адчуванні.
— Аляксандр «Кусь» казаў, што перад наступам у Херсонскай вобласці было адчуванне, што хтосьці не вернецца з бою. Як гэта адбівалася?
— Сапраўды, такое гаварылі, бо для большасці гэта была першая сур’ёзная аперацыя, прычым адразу наступальная. Нам сказалі, што будуць вялікія страты, але дзякуючы граматным дзеянням нашых камандзіраў, як Іван «Брэст», і падпалкоўніку ГУР, у нас не было ніводнага «двухсотага» і ўсяго некалькі «трохсотых».
«Брэст» — харызматычны, разумны, адукаваны»
— Што за чалавек быў «Брэст»?
— Ён мяне вельмі ўразіў. Па-першае, як лідар здольны весці за сабой, ён заўсёды ішоў наперадзе, забіраў усіх параненых. Па-другое, ён па гадах мысліў. Некаторыя так не здольныя думаць і ў сталым узросце. Ён шмат аналізаваў і дакладна даносіў сваю інфармацыю. Харызматычны, разумны, адукаваны, толькі добрыя ўспаміны засталіся. Ваня, мы па табе сумуем і за цябе адпомсцім. Астатніх палеглых таксама ведаю. «Сябро», «Атам» — гэта мне як браты. Моцнага шоку не было, бо тут дух смерці гуляе заўжды блізка, у любы момант можаш ці ты «кончыцца» ці твае пабрацімы. Было вельмі шкада, такога баявога камандзіра ў нас болей проста няма. Мы разумелі, што яны зрабілі ўсё, што ад іх залежала. Мы з ім бралі ў палон расіян, Іван хацеў проста спаліць акопы ворагаў, але там мы знайшлі трох «бомжыкаў». «Брэст» вырашыў іх не забіваць, а папоўніць абменны запас. Я іх потым ахоўваў. У душу ім не зазірнеш, але, здаецца, яны ўсё разумеюць, проста хацелі падзарабіць.
— Вы «Рыжы» ці «Руды»?
— Я па-беларуску пішу на амуніцыі «Рыжы». У мяне ўсё жыццё была такая мянушка, выбару не было, усе да гэтага прывыклі.
Аляксей «Рыжы» Аўдзей
— Што самае цяжкае на вайне?
— Складанае пытанне. Мне тут падабаецца, калі шчыра. Спецыфічныя людзі едуць ваяваць у іншую краіну. Самае цяжкае — падтрымліваць роўны псіхалагічны стан.
— А самае прыемнае на вайне?
— Адрэналінавы кураж, як я ўжо казаў. Неперадавальнае адчуванне, калі ты ў баі, а таксама датычнасць да добрай справы. Украіна пераможа, пытанне часу і паставак заходняй зброі. Калі так адбудзецца, то рэжым Пуціна ці падзе, ці моцна пачне хістацца. А гэта значыць, што і па пазіцыях Лукашэнкі будзе ўдар.
— Чым бы хацелі займацца пасля вайны?
— У мяне былі праблемы з пошукам сябе; магчыма, хацеў бы прысвяціць сябе на час вайсковай справе. Я калісьці вучыўся ў кадэцкім, але мне не спадабалася, а цяпер вельмі зайшло. Ад беларускай арміі я заўжды «касіў», бегаў, не разумеў, як вытрымаю ў тым дурдоме.