Рэцэпт на выхадныя. Фаршыраваныя баклажаны — класічны італьянскі сялянскі рэцэпт
Гатаваць іх проста, а пах і смак стравы вас не расчаруюць.
30.07.2022 / 08:05
Фота: BBC Food
Каб згатаваць фаршыраваныя баклажаны, вам спатрэбіцца:
- 4 вялікія баклажаны
- 4 памідоры (трэба ачысціць іх ад скуркі і нарэзаць на вялікія кавалкі)
- 6 сталовых лыжак аліўкавага алею
- 1 дробна нарэзаная вялікая цыбуліна
- 3 дробна нарэзаныя зубкі часнаку
- 1 чайная лыжка сушонага чабару
- 1 чайная лыжка сушонага арэгана
- 50 грамаў белых паніровачных сухароў
- 25 грамаў пармезану ці іншага цвёрдага сыру (трэба яго пацерці)
- дробна нацёртая цэдра ад паловы лімона
- жменя парубленых свежых лісткоў базіліка
- соль і свежамолаты чорны перац
- па жаданні — дробка сухіх шматкоў чырвонага перцу чылі
- Разагрэйце духоўку да 200 градусаў. Разрэжце баклажаны напалову ўздоўж і выражце з іх мякаць, пакідаючы па баках яе слой таўшчынёй у 5 міліметраў.
- Нарэжце мякаць кубікамі і адкладзіце ў бок. Вышмаруйце баклажаны знутры аліўкавым алеем і пасаліце. Выкладзіце іх у форму для запякання і накрыйце фальгой. Запякайце 20 хвілін.
- Разагрэйце на глыбокай патэльні дзве сталовыя лыжкі аліўкавага алею. Дадайце цыбулю і смажце яе на сярэднім агні 10 хвілін або пакуль цыбуля не змякне.
- Павялічце агонь і дадайце да цыбулі часнок і мякаць баклажанаў, смажце, пакуль баклажаны не падрумяняцца, і не забывайце памешваць. Дадайце травы, памідоры і шматкі чылі, калі іх выкарыстоўваеце, запраўце соллю і перцам. Перамяшайце, паменшыце агонь і накрыйце вечкам.
- Тушыце сумесь на слабым агні 10 хвілін. Потым зніміце вечка і працягвайце варыць сумесь, пакуль уся вадкасць не выпарыцца.
- Выкладзіце сумесь на палавінкі баклажанаў. Змяшайце паніровачныя сухары з сырам, цэдрай і базілікам, дадайце крыху солі і перцу. Пасыпце гэтым баклажаны і папырскайце на іх аліўкавым алеем.
- Выпякайце баклажаны на працягу 25—30 хвілін або пакуль начынка не стане гарачай, а верх не падпячэцца, накрываць іх не трэба.