«Палітвязняў трэба выкупіць, дайце Лукашэнку мільёны». Цапкала і Агурбаш прапануюць іншую тактыку дзеяння
Валерый Цапкала правёў стрым, дзе разам з іншымі публічнымі асобамі раскрытываў дзеянні Святланы Ціханоўскай. Маўляў, рэпрэсіі ёй выгадныя, палітвязняў ніхто не выкупляе, допісы не рэпосцяць.
25.07.2022 / 14:04
Скрыншот: стрым Цапкалы
У стрыме з Цапкалам удзельнічалі палітолаг Дзмітрый Балкунец, давераная асоба Ціханоўскай на мінулых выбарах Алег Маісееў і спявачка Анжаліка Агурбаш.
Апошняя выказала шмат прэтэнзій на адрас офіса. Яна не згодная з тым, што Ціханоўская называе сябе дэмакратычным лідарам, бо людзі галасавалі не за яе, а за транзіт улады.
«А мы выбіралі дэмакратычнага лідара, мы давалі ёй такія паўнамоцтвы? Потым з’явіліся нейкія людзі ў яе атачэнні — Кавалеўскі, Франак Вячорка. Мы наогул не ведалі, адкуль яны ўзяліся. Хто гэтыя людзі, хто за імі стаіць, хто арганізуе гэтыя сустрэчы самага высокага ўзроўню?» — кажа спявачка.
«У нас ёсць самазванка з групай самазванцаў, якіх мы не выбіралі — яны захапілі гэтае дэмакратычнае лідарства і ўмела ім карыстаюцца, збіраючы гранты, магчымасці, цудоўна сябе пры гэтым адчуваюць», — абвінавачвае штаб Агурбаш.
Незалежныя медыя яна называе прыдворнымі, бо тыя даўно не запрашаюць яе ў эфір.
Спявачка прапануе, як можна было б вызваліць палітвязняў: «Ужо як мінімум за санкцыі можна было паставіць ультыматум аб выпуску палітвязняў, хаця б жанчын, студэнтаў».
Цапкала лічыць, што закладнікаў варта выкупаць і вінаваціць офіс у тым, што той гэтага не робіць:
«Лукашэнка ж казаў Бабарыку: дай мне 15 мільёнаў, і я цябе адпушчу. Ён тэрарыст: захапіў людзей і трымае іх у якасці закладнікаў. Можна ўзяць дзясятую частку з таго, што было выдзелена для Беларусі, і выкупіць жанчын, выкупіць тую ж Марыю Калеснікаву. Гэта ж ніхто нават не абмяркоўвае».
Цапкала раней збіраў грошы на арышт Лукашэнкі. Для гэтых мэтаў на рахунку зарэзервавана паўмільёна еўра.
Тое, што людзей саджаюць, выгадна офісу, запэўнівае Агурбаш, «таму што ў іх ёсць магчымасць крычаць пра рэпрэсіі і збіраць грошы».
«Мне вось таксама патрэбная дапамога, у мяне, апроч іншых, і эканамічны артыкул, мне павесілі шмат мільёнаў рублёў, у мяне заблакаваныя ўсе рахункі, усё арыштавана», — скардзіцца спявачка, якая жыве ў Маскве.
Агурбаш выказвае і іншыя крыўды на Ціханоўскую — што тая не тэлефануе ёй, не падтрымлівае (і наогул нікому не дапамагае), не рэпосціць яе допісы, запрашэнне на жнівеньскую канферэнцыю не даслала.
«Слухайце: ну я ж не іголка ў стозе сена — я публічны чалавек!»
Валерый Цапкала праанансаваў, што да канферэнцыі дэмсіл яны выпусцяць расследаванне пра тое, на што ідуць грошы офіса. І дадаў, што Вячорка заклікаў данаціць на офіс, а не на «Байрактары» (насамрэч, у відэа, якое згадваецца, Вячорка казаў, што беларусам варта падтрымліваць не толькі ўкраінцаў, але і саміх сябе — напрыклад, зборы на праваабаронцаў і палітвязняў).
Удзельнікі стрыму падсумавалі, што дэмсілам варта аб’ядноўвацца. Але, як вынікае, Ціханоўскую ў гэтае аб’яднанне не клікаць.
«Ёй па прыколу ціснуць рукі, выкладваюць фатаграфіі», — пракаментаваў Цапкала візіты Ціханоўскай за мяжу.
Звяртае на сябе ўвагу тое, што падчас стрыму ўдзельнікі цытуюць фразы па-беларуску ў здзеклівай манеры.