Загінуў ураджэнец Кобрына, якога абвінавачвалі ў ваенных злачынствах ва Украіне

Імя маёра Рамана Гровіча з'явілася ў тэлеграм-каналах, якія адсочваюць страты расійскага войска. 

26.07.2022 / 07:51

Гровіч нарадзіўся ў 1974 годзе ў Кобрыне, скончыў авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў у Сызрані, жыў у Растове-на-Доне.

На сваёй старонцы ў «Аднакласніках» публікаваў фота з Арменіі, дзе, падобна, служыў на расійскай авіябазе.

4 сакавіка 2022 года Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны апублікавала спіс асабовага складу брыгады расійскай авіяцыі з прозвішчамі вайсковаслужбоўцаў, якія, па інфармацыі ведамства, здзяйснялі баявыя вылеты ва Украіну з аэрадрома ў Лідзе. Сярод іх быў і камандзір верталётнага звяна Раман Гровіч.

Па іншых звестках, ураджэнец Кобрына загінуў ужо 24 лютага, у першы дзень вайны, — ягоны верталёт збілі над Кіеўскім вадасховішчам падчас спробы штурму Гастомеля.

Тады сапраўды з'яўляліся відэа збіцця верталётаў у ваколіцах Кіева. Хутчэй за ўсё, адным з іх кіраваў Раман Гровіч.

Даставалі вайсковую тэхніку са дна вадасховішча толькі праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны.

Nashaniva.com