Аўтуховіч падаў ад слабасці і прасіў выклікаць хуткую, суддзя адмовіў са словамі: Вам проста трэба паесці
Мікалай Аўтуховіч настолькі знясілеў, што прасіў медыцынскай дапамогі проста на пасяджэнні. За гэта яго выдалілі з клеткі і спынілі працэс.
26.07.2022 / 16:08
Пра знясіленасць Аўтуховіча, які 16-ы дзень працягвае галадоўку, напісала ў інстаграме яго дачка.
«Сёння турэмны доктар зноў заявіў, што стан бацькі дазваляе яму ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях. Адвакат у чарговы раз заявіла хадайніцтва на агляд бацькі вонкавымі лекарамі, якое, натуральна, было адхіленае. Аналіз крыві, які бралі ў мінулы чацвер, 21 ліпеня, нібыта яшчэ не гатовы.
Тата (пакуль яго вялі на суд) упаў ад слабасці і стукнуўся аб кайданкі», — напісала дачка Аўтуховіча.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», на пасяджэнні 26 ліпеня Мікалай прасіў урача. Ён хацеў, каб выклікалі хуткую дапамогу, але суддзя Максім Філатаў адмовіў, сказаўшы, што Аўтуховічу «проста трэба паесці».
Пасля Мікалая Аўтуховіча выдалілі з пасяджэння і амаль адразу перанеслі працяг працэсу.
Заўтра ў судзе будзе перапынак, ён працягнецца ў чацвер.
«Групу Аўтуховіча», у якой 12 чалавек, судзяць па «тэрарыстычных» артыкулах Крымінальнага кодэкса. За кратамі яны знаходзяцца з канца 2020 года.
Аўтуховіч 11 ліпеня абвясціў «сухую галадоўку». Ён патрабуе, каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей.