Беларус запусціў праграму, якая прыцягнула 550 000 даляраў інвестыцый. А мог бы ў гэты час працаваць на «хіміі»

ІТ-менеджар з Беларусі Андрэй Пазняк стаў адным з заснавальнікаў праграмы Peech, якая пераўтворыць тэкст у аўдыё. Праграма сабрала 550 000 даляраў інвестыцый на платформе Flyer One Ventures.

26.07.2022 / 18:53

Peech даступны на 50 мовах і дазваляе пераўтвараць у маўленне любыя артыкулы або дакументы. Для таго, каб праграма гучала натуральна, выкарыстоўвалі мадэлі машыннага навучання, у прыватнасці open-source мадэль WaveNet.

Peech можа быць карысны не толькі тым, хто занадта заняты, каб шмат чытаць, але і людзям са слабым зрокам, дыслексіяй або іншымі праблемамі, якія абцяжарваюць чытанне.

У Беларусі талент Андрэя Пазняка ацанілі па-свойму. У лютым 2021 года яго прысудзілі да трох гадоў «хіміі» па абвінавачванні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Пасля гэтага ён пакінуў Беларусь.

Nashaniva.com