«Расіяне вывозяць машыны цэлымі аўтавозамі». Перагоншчыкі машын уражаны наплывам кліентаў з Расіі

У сярэдзіне ліпеня расійскі ўрад спрасціў працэдуру рэгістрацыі аўтамабіляў, якія імпартуюцца ў краіну (у тым ліку і з Беларусі). «Наша Ніва» высветліла, як гэтае рашэнне паўплывала на беларускі аўтамабільны рынак.

28.07.2022 / 08:51

Машына з Беларусі цяпер абыдзецца на 800-1000$ танней

У Расіі часова спрасцілі працэдуру рэгістрацыі транспарту, які імпартуюць. Ад 16 ліпеня 2020 года да 1 студзеня 2023 года расіяне змогуць увозіць і рэгістраваць аўтамабілі без усталявання кнопкі выкліку экстраннай дапамогі «ЭРА-ГЛОНАСС» (кнопка SOS). Расійскі ўрад быў вымушаны пайсці на такі крок з прычыны таго, што ў іх назіраўся востры недахоп такога абсталявання. Сам дэфіцыт, па іх словах, быў выкліканы санкцыямі з боку «несяброўскіх краін».

Праз адмену гэтага патрабавання выдаткі на рэгістрацыю аўто, прывезенага з-за мяжы, скарачаюцца на 800-1000 даляраў, што робіць куплю аўто ў Беларусі больш выгаднай справай. Аднак па словах уласніка сталічнага аўтакоміса, расіяне даволі актыўна куплялі аўтамабілі ў Беларусі і да анансаваных палёгак.

«Тым, што расіяне актыўна купляюць аўтамабілі ў Беларусі, наўрад ці можна кагосьці здзівіць, бо апошнія гады два пакупнікі з РФ былі ў нас даволі частымі госцямі. У першую чаргу гэта звязана з тым, што ў нас дзейнічае 140-ы ўказ, які дазваляе размытніваць аўтамабілі з 50% зніжкай. Па гэтай прычыне расійскім перакупшчыкам і шараговым аўтааматарам было прасцей і выгадней набываць аўто ў Беларусі, чым купляць яго самастойна ў Еўропе ці ЗША, везці ў Расію і там размытніваць на поўным тарыфе», — адзначае бізнэсовец.

Расіяне вымушаны купляць патрыманыя аўтамабілі замест новых

На руку беларускім аўтабізнэсменам грае скарачэнне вытворчасці новых аўтамабіляў у РФ, якое яшчэ больш пачало схіляць беларусаў і расіян да набыцця патрыманых аўтамабіляў. Такі трэнд мусіць захавацца на даволі працяглы час, паколькі нават згодна з заявай міністра прамысловасці і гандлю РФ Расію чакае прыкладна 50%-нае скарачэнне вытворчасці легкавых аўтамабіляў за 2022 год.

«Пасля таго, як курс расійскага рубля стабілізаваўся, попыт на аўтамабілі з боку расіян моцна павялічыўся, яны пачалі яшчэ больш актыўна цікавіцца машынамі з Беларусі, добра бяруць як свежапрыгнаныя варыянты, так і тыя, што ўжо паспелі паездзіць па Беларусі. Навіны пра спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі толькі павысілі цікавасць да набыцця аўто ў Беларусі».

Па словах суразмоўцы, расіяне апошнім часам сапраўды скардзіліся на тое, што купіць кнопку SOS стала складана, што цэны на яе ўзраслі ледзь не ў два разы.

Беларускія фірмы-перагоншчыкі пачынаюць адкрываць філіялы ў РФ

Іншы бізнэсмен, які займаецца падборам аўтамабіляў з Еўропы на замову, таксама падкрэслівае, што ў апошнія месяцы расіяне ўсё актыўней цікавяцца магчымасцю прыгнаць аўто праз Беларусь.

«Да нас усё часцей пачалі звяртацца кліенты з Расіі, якія хочуць замовіць аўтамабіль з Еўропы. Апошнія паслабленні таксама пазітыўна паўплывалі на цікавасць да такіх машын.

Так, напрыклад, у нас у працы быў кліент, які хацеў набыць сабе дарагі BMW. Пачаткова ён спадзяваўся знайсці сабе льготніка, каб сэканоміць на аплаце мыту, але калі даведаўся, што больш не трэба будзе траціць грошы на «ЭРА-ГЛОНАСС», то вырашыў адразу везці машыну ў Маскву і размытніваць у сябе па поўным тарыфе», — кажа аўтападборшчык.

Пра сур'ёзны паток аўто з Беларусі ў Расію кажуць і аўтаперавозчыкі, якія праз санкцыі згубілі магчымасць працаваць на еўрапейскім кірунку і вымушаны знаходзіць іншыя нішы для працы.

«Расіяне цяпер вывозяць аўтамабілі з Беларусі цэлымі аўтавозамі. Часцей за ўсё гэта машыны, якія яны набывалі пад замову, то-бок у Беларусі яны толькі размытніваліся, але хапае варыянтаў, калі трэба даставіць у Маскву ці Піцер аўтамабілі, якія ўжо перакупілі ў Беларусі.

Таксама мы назіраем тэндэнцыю, калі буйныя беларускія фірмы, якія маюць вялікі досвед працы ў гэтай сферы, пачынаюць адкрываць філіялы ў РФ. Значыць, попыт сапраўды вялікі», — мяркуе перавозчык.

Каля паловы аўто са Штатаў у выніку едзе ў Расію

Бізнэсмен, які займаецца аўтамабілямі з ЗША, таксама адзначае рост цікавасці да куплі аўто ў Беларусі з боку пакупнікоў з Расіі. Па ягоных назіраннях, каля паловы ад тых машын, што прыязджаюць у Беларусь са Штатаў, пасля праходжання мытнай ачысткі і рамонту накіроўваюцца ў Расію.

«Часовыя палёгкі наўрад ці моцна зменяць карціну, паколькі яны (расіяне) і без гэтага актыўна куплялі машыны са Штатаў. Зараз увогуле назіраецца такі трэнд, што ўсё часцей замаўляюць дарагія аўто, коштам ад 30 тысяч далараў. Таму эканомія ў 1000 даляраў на кнопцы ў большасці выпадкаў проста стане прыемным бонусам пры куплі, чым нейкім вырашальным фактарам.

Новыя аўтамабілі ў Расіі амаль перасталі выпускаць, ёсць праблемы з імпартам, цэны на аўто ў салонах шалёныя, таму народ пераключыўся на «бэушку», вялікая частка якой так ці інакш ідзе праходзіць праз Беларусь», — падсумоўвае бізнэсмен.

Nashaniva.com