Блінкен збіраецца пагаварыць з Лаўровым — упершыню з пачатку вайны
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен у сераду заявіў, што мае намер найбліжэйшым часам пагаварыць з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым. Гэта адбудзецца ўпершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пра гэта паведамляе CNN.
27.07.2022 / 22:35
Па словах Блінкена, ён плануе абмеркаваць з Лаўровым «важную прапанову», зробленую амерыканскім бокам некалькі тыдняў таму. Яна тычыцца вызвалення двух незаконна затрыманых у Расіі грамадзян ЗША — Пола Уілана і баскетбалісткі Брытні Грэйнер.
Уілана з 2018 года трымаюць у расійскім СІЗА паводле абвінавачвання ў шпіянажы, а Грэйнер затрымалі ў лютым гэтага года за нібыта незаконны ўвоз наркотыкаў: гаворка ідзе пра канабіоідны алей, які спартоўка набыла ў ЗША па рэцэпту.
Дзяржсакратар не ўдакладніў, пра што пойдзе гаворка, але, паводле звестак крыніц CNN, прэзідэнт Джо Байдэн падтрымаў ідэю абмяняць Уілана і Грэйнер на асуджанага ў ЗША расійскага гандляра зброяй Віктара Бута.
Акрамя таго, Блінкен хоча абмеркаваць з Лаўровым нядаўна падпісанае пагадненне аб разблакаванні экспарту ўкраінскага збожжа Чорным морам. Пры гэтым кіраўнік амерыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што «абмеркавання Украіны без Украіны» з Лаўровым не будзе.
Апошні раз дзяржаўны сакратар ЗША і міністр замежных спраў Расіі вялі тэлефонныя перамовы 12 лютага, за два тыдні да поўнамаштабнага расійскага наступлення на Украіну. У Дзярждэпе тады паведамілі, што Блінкен выказаў Лаўрову асцярогі ЗША з нагоды таго, што Расія можа пачаць новую ўзброеную агрэсію супраць Украіны ў найбліжэйшыя дні.