У Варшаве арганізуюць беларускую школу: запрашаюць дзяцей і настаўнікаў

Ініцыятыва «Беларуская школа ў Варшаве», у якую ўваходзяць прадстаўнікі ліквідаванага ў Беларусі «Таварыства беларускай школы», набірае дзяцей і выкладчыкаў у 5—11 класы. Плануецца анлайн-навучанне і некаторыя мерапрыемствы афлайн.

28.07.2022 / 14:50

Алесь Лозка

Беларуская школа ў Варшаве прапануе дадатковыя заняткі-кансультацыі (3 дні па 2 урокі) да польскай школьнай праграмы: беларуская і руская мова і літаратура, гісторыя і культура Беларусі. Мэта — каб дзіця, што навучаецца за мяжой, не адставала ад праграмы беларускай школы і магло, экстэрнам здаўшы іспыты, атрымаць беларускі атэстат. Школа будзе таксама выдаваць уласныя пасведчанні, ведамасці з адзнакамі. Плануецца, што ў класах будзе па 10—15 чалавек, піша budzma.org

Аўтар праекта, старшыня ліквідаванай у 2021 годзе грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай школы» Алесь Лозка паведаміў: «Будуць выкладаць добрыя настаўнікі. З часткай ужо ёсць дамоўленасці, а частку яшчэ шукаем. Плануем запрасіць навукоўцаў, якія ўжо маюць вопыт працы з дзецьмі ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Асабліва патрэбныя філолагі, спецыялісты па беларускай і рускай мовах. Таксама гісторыкі, выкладчыкі сусветнай мастацкай культуры. Географы ўжо ёсць у камандзе. Разлічваем у першую чаргу на настаўнікаў, якія з’ехалі з Беларусі, але хочуць застацца ў прафесіі. У асноўным навучанне будзе праходзіць анлайн. Але як жа без афлайн-сустрэч? Некалькі разоў на год трэба пабачыцца…»

Алесь Юр’евіч праінфармаваў таксама, што ў школу запісваюцца і дзеці, якія вучацца ў Беларусі, але хочуць паглыбіць свае веды.

Праект ужо падтрымалі Беларускі моладзевы хаб у Варшаве, Клуб каталіцкай інтэлігенцыі і Музей вольнай Беларусі. Некаторыя мерапрыемствы Школы, накшталт урачыстага адкрыцця навучальнага года, магчыма, будуць адбывацца ў іх памяшканнях.

Бацькоў патэнцыйнага вучня просяць запоўніць анкету, вывучаючы такім чынам попыт на адукацыйныя паслугі. Патэнцыйным педагогам таксама прапануюць запоўніць анкету. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз е-мэйл aziarczuk@gmail.com.

Nashaniva.com