Зачыстка медыкаў у «Ладэ»: звальняюць «нелаяльных» дактароў, некаторыя пад следствам
Па інфармацыі «Нашай Нівы», у медцэнтр спусцілі спісы «няправільных» супрацоўнікаў. Медыкаў прымушаюць звальняцца, прапануюць запісваць пакаяльныя відэа.
29.07.2022 / 09:05
Фота: 103.by
Некалькі крыніц пацвердзілі «Нашай Ніве», што ў прыватным медцэнтры «Ладэ» пачаліся чысткі. Спіс нелаяльных медыкаў прыйшоў «зверху». Людзям, чые імёны ў спісе, паведамляюць, што з імі не могуць працягваць супрацоўніцтва. Такія чысткі запускаюць не па ініцыятыве цэнтра, а па ўстаноўцы іншых органаў.
«Некаторым прапануюць узяць іх на парукі або арганізаваць пакаяльнае відэа ці ліст. Людзі рэагуюць па-рознаму. У асноўным кажуць, што асабліва няма ў чым каяцца», — расказваюць «Нашай Ніве».
Таксама медыкам пагражаюць, што дактарам са спісу будзе забароненая праца ва ўсіх медыцынскіх цэнтрах.
Вядома, што некалькі вядучых спецыялістаў хірургічных спецыяльнасцяў пад следствам, у спісе на звальненне больш за дзясятак дактароў.
Тым часам пакаяльныя ролікі медыкаў (пакуль што з дзяржаўных устаноў) пачалі з’яўляцца ў «Мінскай праўдзе» — выданні, якое стала адным з самых адыёзных і хамскіх рупараў прапаганды. Медработнікі расказваюць, што выходзілі на пратэсты ў 2020 годзе «пад ціскам сацсетак», а цяпер шкадуюць. Таксама ў відэароліках медыкі кажуць, што іх задавальняе заробак і ім падабаецца жыць і працаваць у сённяшняй Беларусі.