Жыхара Брэста асудзілі на 2,5 года калоніі за жаданне стаць добраахвотнікам ва Украіне 

У Брэсцкім абласным судзе адбыўся першы суд за «замах на ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы» (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Абвінавачаны — 37-гадовы жыхар Брэста Сяргей Вайцюк. Гэта першы чалавек у Беларусі, якога асудзілі за тое, што хацеў стаць добраахвотнікам ва Украіне пасля 24 лютага 2022 года, піша «Вясна».

29.07.2022 / 16:27

Паводле версіі абвінавачвання, Вайцюк у сярэдзіне красавіка адправіўся на таксі ў Маларыцкі раён, у памежную зону да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Украінай. Прыбыўшы на месца, абвінавачаны спрабаваў перасячы мяжу ў напрамку Украіны, у тым ліку па-за ўстаноўленым пунктам пропуску, аднак не давёў свой намер да канца, паколькі быў затрыманы праваахоўнымі органамі.

Суддзя Святлана Крамянёўская прызначыла яму 2,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такое пакаранне прасіў пракурор Аляксандр Богуш.

Nashaniva.com