Сілавікі пішуць, што на Лебядка завялі крыміналку за інтэрв'ю экстрэмісцкаму фармаванню. Але яго затрымалі на тыдзень раней, чым СМІ ўнеслі ў спіс МУС

Сёння стала вядома, што на навукоўца і ваеннага эксперта Ягора Лебядка заведзеная крымінальная справа па артыкуле 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Як сцвярджае канал сілавікоў, прычына — інтэрв'ю Лебядка «Еўрарадыё». Але ёсць нюанс.

29.07.2022 / 17:24

Ягор Лебядок. Фота з сацыяльных сетак

Ваеннага эксперта затрымалі 13 ліпеня. «Еўрарадыё» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем пазней — 20 ліпеня. На момант інтэрв'ю СМІ не мела статусу экстрэмістаў.

Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў складае МУС. Для таго, каб уключыць туды любую «непажаданую» арганізацыю, не патрэбны нават суд (які ўжо таксама стаў фармальным у палітычна матываваных справах) — сілавікі самі прымаюць гэтае рашэнне. Што і ў які момант палічыць супрацоўніцтвам, таксама, як вынікае, вырашаецца адвольна.

Пра крымінальную справу стала вядома, калі Лебядок не выйшаў пасля 15 сутак. Іх яму далі нібыта за непадпарадкаванне (арт. 24.3 КоАП).

У студзені Лебядок быў звольнены з дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка», якое належыць НАН РБ, пасля заказнога пасквіля прапагандыста Мукавозчыка.

Nashaniva.com