Доктар Салавей: Ізноў пайшоў рост захворвальнасці на кавід, засцерагайцеся і прышчапляйцеся

Былы галоўны інфекцыяніст Мінска Мікіта Салавей засцерагае і папярэджвае: вопыт ягоных апошніх дзяжурстваў у інфекцыйнай бальніцы паказвае, што ў Мінску зноў пачаўся паступовы рост захворвання на COVID-19. Трэба засцерагацца і абавязкова прышчапляцца.

01.08.2022 / 22:48

Паводле лекара, усё большая колькасць пацыентаў, якія маюць клінічныя праявы вострай рэспіраторнай інфекцыі (ліхаманка, кашаль, насмарк, болі ў горле, дыскамфорт у грудной клетцы, дыхавіца і г. д.), атрымліваюць пры абследаванні станоўчы вынік тэсту на каранавірус.

Сярод тых, каго даводзіцца шпіталізаваць, па-ранейшаму пераважаюць непрышчэпленыя людзі з групы рызыкі.

Асобная група пацыентаў, паводле Салаўя — гэта асобы з сур'ёзнай спадарожнай паталогіяй (цукровым дыябетам, сардэчнай недастатковасцю, дрэнна кантраляванай артэрыяльнай гіпертэнзіяй, хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх і інш.). У іх каранавірусная інфекцыя працякае толькі з ліхаманкай і інтаксікацыяй, без сур'ёзнага непасрэднага паражэння лёгкіх, аднак яна прыводзіць да абвастрэння раней ужо наяўных захворванняў.

Паводле вядомага лекара, «зноў становяцца актуальнымі простыя сродкі стрымлівання распаўсюджвання інфекцыі, якія даказалі сваю эфектыўнасць у сотнях даследаванняў, — нашэнне масак у месцах масавага збору людзей, асабліва ў абмежаваных замкнёных прасторах, абмежаванне наведвання людных месцаў без крайняй неабходнасці, гігіена рук, сацыяльнае дыстанцыяванне». І, вядома, вакцынацыя як аснова ўсяго.

«І калі вам (часта па няведанні) кажуць, што пры нейкім стане супрацьпаказаная вакцынацыя супраць COVID-19, — сумнявайцеся. Наадварот, практычна любая хранічная паталогія павялічвае рызыку цяжкага працякання каранавіруснай інфекцыі, і карысць вакцынацыі пры гэтым адназначная», — піша Мікіта Салавей.

Nashaniva.com