Ці магчыма стаць п’яным без алкаголю?
Мы прывыклі звязваць стан ап’янення з алкаголем, але, як аказалася, выпіўка для яго не заўсёды патрэбная. Расказваем, як магчыма ап’янець без алкаголю.
02.08.2022 / 16:58
Фота: pixabay.com
Навукоўцы лічаць, што яшчэ мільёны гадоў таму ў нашых продкаў пачала развівацца здольнасць ператраўліваць алкаголь. Магчыма, сваю ролю адыграла выпадковая генетычная мутацыя, якая дазволіла старажытным людзям спажываць гнілую ферментаваную садавіну, піша healthdigest.com.
Перанясёмся ў 7000 год да н.э. — менавіта з гэтага часу, згодна з данымі археолагаў, людзі пачалі спажываць алкагольныя напоі. З таго часу людзі былі апантаныя алкаголем.
Але ж у той час было невядома, што некаторым людзям зусім не трэба алкаголь, каб ап’янець. Рэч ў вельмі рэдкай хваробе — сіндроме аўтапіваварні, ці, інакш кажучы, сіндроме ферментацыі кішэчніка.
Гэты сіндром узнікае, калі ўнутры кішэчніка міжволі выпрацоўваецца алкаголь. Арганізм чалавека ператварае прадукты, багатыя на цукры і вугляводы, у этанол.
Сіндром аўтапіваварні можа суправаджацца вялікай колькасцю пабочных эфектаў. У чалавека з такім сіндромам можа ўзнікаць адрыжка і галаўны боль, у людзей можа пагаршацца маторыка і канцэнтрацыя. Іншыя сімптомы — галавакружэнне, стомленасць, праблемы з маўленнем і дэзарыентацыя.
Адной з прычын сіндрому можа быць празмерна доўгае выкарыстанне антыбіётыкаў. Акрамя таго, людзі з хваробай Крона, дыябетам, сіндромам раздражнёнага кішэчніка і атлусценнем могуць больш рызыкаваць захварэць на сіндром аўтапіваварні.
Па даных на 2021 год, ва ўсім свеце зарэгістравана менш за 100 выпадкаў гэтага таямнічага сіндрому — але ж магчыма, што проста не ўсе выпадкі хваробы былі выяўленыя. Ёсць даныя, што людзі з сіндромам аўтапіваварні могуць моцна ап’янець усяго ад некалькіх чарак алкаголю, але гэта не значыць, што такі сіндром ёсць у кожнага, хто мае нізкую талерантнасць да выпіўкі.