Колькі пачак парашку можна было купіць на сярэдні заробак летась і цяпер? Розніца каласальная
Параўналі цэны на бытавую хімію і сродкі гігіены за лістапад мінулага года і цяперашнія.
03.08.2022 / 09:31
Дэзадарант-антыперспірант Old Spice у лістападзе 2021-га каштаваў 7,29 рубля. Цяпер цана павялічылася на 67% — да 12,15 рубля.
Цана злева — лістапад 2021 года, справа — жнівень 2022-га. Скрыны тут і далей: e-dostavka.by
Таксама падаражэў, напрыклад, антыперспірант Dove «Рытуал прыгажосці». Быў 4,79 рубля, стаў 10,99.
Зубная паста яшчэ ў лістападзе каштавала 3,79 рубля. Набыць яе цяпер можна за 5,75 рубля.
Цана на шампунь-бальзам Head&Shoulders была 7,65 рубля, а цяпер — 14,39.
Змянілася цана і на пральны парашок. У лістападзе 2021-га купіць Ariel «Вербена» (4,5 кг) можна было за 25 рублёў, цяпер — за 51. Капсулы для прання (30 штук) прыбавілі ў цане 30 рублёў — з 28,59 да 59,69.
І нават беларускі парашок «Мара» для дзіцячага адзення стаў даражэйшы — 2,65 рубля (за 400 г) замест 1,79.
Мыла Safeguard каштавала раней 1,59 рубля, а цяпер 2,69.
Паглядзім, як гэтыя цэны суадносяцца з заробкамі. Сярэдні заробак беларуса «чыстымі» ў лістападзе, па даных Белстата, складаў 1269 рублёў. У чэрвені 2022-га (больш свежай статыстыкі пакуль няма) — 1398 рублёў.
У лістападзе на такі заробак можна было купіць 166 шампуняў ці 44 пачкі капсул для прання з нашай падборкі. Цяпер жа — 97 шампуняў ці 23 пачкі пральных капсул.
Курс даляра ў лістападзе 2021-га вагаўся ад 2,42 да 2,55 рубля. Цяперашні курс — 2,59 рубля.
У іншых крамах цэны могуць адрознівацца. Напрыклад, на сервісе самавывазу «Еўраопта» згаданыя вышэй пазіцыі можна знайсці танней.
Чаму так выраслі цэны на бытавую хімію? З такім пытаннем мы звярнуліся ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
«Цэны на шампунь, напрыклад, не стрымліваюцца ў Беларусі, — адказалі на гарачай лініі міністэрства. — Вытворцы адзначаюць, што падаражэла сыравіна, матэрыялы.
Рэгуляванне цэнаў у Беларусі ёсць толькі на тавары першай неабходнасці. Напрыклад, на зубную пасту».