Мсціслаўскага ідэолага пакаралі за неўсталяванне мемарыяльнай шыльды беларускаму мовазнаўцу
Краязнавец і былы педагог Уладзімір Кажамяка, які родам з Мсціслаўшчыны, шмат гадоў даследуе творчасць Янкі Бялькевіча (1883-1960) — педагога, даследчыка беларускай мовы, былога дырэктара Мсціслаўскага педтэхнікума, які прайшоў сталінскія лагеры. Краязнаўца дабіўся ўшанавання Бялькевіча ў Мсціславе, але чыноўнікі паабяцалі, ды забыліся, піша Радыё Рацыя.
02.08.2022 / 21:45
Будынак былога педаганічнага тэхнікума, дзе павінна быць усталяваная шыльда
Летась на імя Уладзіміра Кажамякі прыйшоў ліст з Мсціслаўскага райвыканкама, дзе паведамлялася, што «райвыканкам атрымаў заключэнне з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб мэтазгоднасці стварэння і ўстаноўкі памятнай дошкі ў гонар І.К. Бялькевіча. Бліжэйшым часам будзе распрацаваны эскізны праект памятнай дошкі і ўзгоднены ў Магілёўскім абласным мастацка-экспертным савеце па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Пасля атрымання адпаведнага заключэння будзе вырашана пытанне аб стварэнні дошкі».
Янка Бялькевіч
Прайшоў год, але дошка так і не з’явілася на будынку былога педтэхнікума ў Мсціславе. Уладзімір Кажамяка зноў звярнуўся ў Мсціслаўскі райвыканкам. Аказалася, што мемарыяльная дошка, прысвечаная Янку Бялькевічу, не з’явілася «па віне намесніцы начальніка ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама» Таццяны Сімчанка, за што супрацоўніца «прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці».
Тым не менш, як абяцае старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка, мемарыяльная дошка, прысвечаная Янку Бялькевічу, сёлета будзе ўсталяваная.