ISW: Удары HIMARS дэмаралізуюць расійскіх вайскоўцаў

Расійскае мінабароны, верагодна, спрабуе развеяць асцярогі, якія эфектыўнае выкарыстанне Украінай амерыканскіх РСЗА HIMARS выклікае ў расійскіх вайскоўцаў, транслюючы фэйкавыя заявы аб знішчэнні гэтых сістэм, піша ў чарговай зводцы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

03.08.2022 / 08:19

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падчас нарады з кіраўніцтвам Узброеных сіл Расіі ў аўторак заявіў, што расійскія войскі знішчылі шэсць пускавых установак HIMARS і іншую вайсковую тэхніку, пастаўленую Захадам ва Украіну.

Таксама расійскае абароннае ведамства апублікавала відэа са сцвярджэннямі аб тым, што 1 жніўня ў Харкаўскай вобласці быў знішчаны будынак, у якім знаходзіліся дзве сістэмы HIMARS.

Начальнік аператыўнага камандавання «Поўдзень» УСУ Андрэй Кавальчук заявіў, што расійскія войскі «не знішчалі ніякіх HIMARS», а неназваны фінскі чыноўнік назваў расійскія заявы выдачай жаданага за сапраўднае.

Галоўнае ўпраўленне вайсковай разведкі Украіны таксама паведаміла, што расійскія абаронныя ведамствы хаваюць страты расійскіх вайскоўцаў, перавозячы параненых расіян на цывільных аўтамабілях і замоўчваючы ў СМІ колькасць ахвяр ад удараў украінскіх HIMARS.

Удары з выкарыстаннем сістэм HIMARS з боку Украіны, верагодна, дэмаралізуюць расійскіх вайскоўцаў на месцах, заключаюць эксперты ISW.

Nashaniva.com