«Амерыка пастаўляе ва Украіну зброю для забойства, а Расія — камбайны для ўраджаю». Глядзіце, як ілжэ кіраўніца Саюза жанчын
Кіраўніца Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская выказала сваё меркаванне пра расійска-ўкраінскую вайну. Яно поўнае крамлёўскіх штампаў і прыпраўленай чыноўніцкім цынізмам.
03.08.2022 / 15:18
Вольга Шпілеўская. Фота: БелТА.
«Пакуль Захад напампоўвае Украіну дакладнай зброяй, з якой забіваюць мірных грамадзян, Расія адпраўляе камбайны, каб сабраць хлеб ва Усходняй Украіне», — сказала Шпілеўская ў эфіры БТ.
Хутчэй за ўсё, Шпілеўская пабачыла навіну пра гэта на адным з расійскіх шавіністычных сайтаў, у якім інфармацыя пераказвалася ў падобным ключы.
«Увосень машынна-трактарны парк ДНР папоўніцца адзінаццаццю новымі збожжаўборачнымі камбайнамі, тэхніка будзе пастаўлена па лізінгавай праграме з Расіі, паведамілі ў міністэрстве аграпрамысловай палітыкі і харчавання Данецкай Народнай Рэспублікі», — пісалі расійскія прапагандысты.
Што не так з гэтай заявай і чаму гэта маніпуляцыя?
Па першае, ва Украіне ёсць дэмакратычны, законна абраны народам Украіны ўрад. І толькі ён упаўнаважаны прасіць іншыя краіны аб пастаўках таго ці іншага тавару ці нейкай дапамогі. Сёння Украіна змагаецца за сваю незалежнасць, і для абароны ад Расіі ёй патрэбная заходняя зброя. Варта адзначыць, што Украіна просіць пастаўляць ёй нашмат больш зброі, чым Захад зараз гэта робіць. Нерашучасць Захаду ў пастаўках выклікае шматлікую незадаволенасць унутры ўкраінскага грамадства. Без заходняй зброі Украіне было б вельмі цяжка.
А вось Расія апошнія 8 гадоў пастаўляла зброю незаконным узброеным фармаванням, якія супраць Украіны ваявалі.
Таксама Шпілеўская свядома маніпулюе і ссоўвае акцэнты.
Украінцаў забівае не амерыканская зброя, прысланая для самаабароны, а расійская армія, якая распачала вайну.
Гэтая армія акупоўвае ўкраінскія гарады і вёскі і здзяйсняе ваенныя злачынствы супраць насельніцтва.
За забойствы і згвалтаванні адказвае агрэсар, а не ахвяра агрэсіі, якая «пасмела» супраціўляцца. Шпілеўская, як кіраўніца Саюза жанчын, мусіла б гэта ведаць.
Цяпер пяройдзем да камбайнаў. З імі ва Украіне (на падкантрольнай тэрыторыі) было ўсё цудоўна. За апошнія гады ўкраінскія аграрыі істотна абнавілі парк сельскагаспадарчай тэхнікі.
Яны штогод трацілі больш за 1 млрд даляраў на набыццё імпартнай сельгастэхнікі. Кожны год украінцы куплялі тысячы новых камбайнаў найлепшых заходніх вытворцаў: Case, Claas, John Deere і New Holland.
Украіна спакойна абыходзілася без расійскіх камбайнаў і збірала без іх рэкордныя ўраджаі збожжа па 105 мільёнаў тон.
Фота: deere.ru
Акрамя аграхолдынгаў, працэс тэхнічнага перааснашчэння запусцілі таксама сярэднія гаспадаркі і фермеры. Ва ўкраінскіх аграрыяў былі грошы на еўрапейскую і амерыканскую тэхніку, нават нягледзячы на яе высокую цану. А вось распачаўшы вайну супраць Украіны, заблакаваўшы ўкраінскія парты, ускладніўшы экспарт украінскага збожжа, Расія фактычна пазбавіла мясцовых фермераў утаргаваных грошай, што вядзе да іх збяднення і немагчымасці купляць новую тэхніку.
Больш за тое, Расія займаецца адкрытым крадзяжом украінскай сельгастэхнікі з акупаваных тэрыторый.
Так у красавіку стала вядома, што кадыраўцы вывезлі з акупаванага Херсона і Мелітопаля ўкраінскія сеялкі, камбайны і трактары на мільёны даляраў. Дзякуючы ўстаноўленым сістэмам геалакацыі ўдалося высветліць, што тэхніку вывелі ў Чачню. Каб акупанты не маглі яе выкарыстаць, вытворца тэхнікі John Deere дыстанцыйна адключыў яе, што ператварыла камбайны ў металалом.
Вайна ўжо прывяла да таго, што дзясяткі тысяч украінцаў і расіян загінулі, мільёны людзей сталі бежанцамі і ўнутранымі перасяленцамі, у кожную ўкраінскую сям’ю прыйшло гора, дзясяткі тысяч дзяцей засталіся без бацькоў. Агрэсар зруйнаваў украінскую інфраструктуру на сотні мільярдаў даляраў, Расію фактычна выключылі з сусветнага гандлю, эканомікі і палітыкі. Ці не занадта гэта высокая цана за 11 расійскіх камбайнаў, пастаўленых у лізінг у «ДНР»?