«Лёгкасць, свабода, творчасць — на кожным кроку». Гомельская прапагандыстка адпачывае ў краінах, якія ў працоўны час палівае брудам
Святлана Князева — работніца гомельскага тэлебачання з 15-гадовым стажам, вядзе праграмы на рэгіянальным канале «Беларусь 4 Гомель». І ў сваёй рыторыцы ў эфіры нічым не розніцца ад іншых дзяржаўных прапагандыстаў. Але пры гэтым адпачывае на Захадзе і гэтым хваліцца, піша выданне «Флагшток»
04.08.2022 / 17:01
Мяркуючы па фотаздымках, якія Князева (не проста вядучая, але і рэдактарка аддзела падрыхтоўкі тэлевізійных праграм ТРК «Гомель») размясціла на сваёй старонцы ў Інстаграме, адпачываць «для перазагрузкі» яна ездзіць у еўрапейскія краіны «па прыгожых гарадах з багатай гісторыяй». У апошнія месяцы яна апублікавала справаздачу з краін, якія найбольш дэманізуе беларуская прапаганда — Польшчы і Літвы. Яна захапляецца старой архітэктурай, добраўпарадкаваннем. А на адзін з фотаздымкаў з Вільні падпісала: «Лёгкасць, свабода, творчасць — на кожным кроку».
І ўсё б нічога, але ў сваіх эфірах прапагандыстка не стамляецца расказваць пра ўсе перавагі «беларускага шляху», пра «генацыд беларускага народа» і «варожыя» еўрапейскія краіны.
Апошнім часам нашы суседкі, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, задумаліся над тым, каб перастаць пускаць такіх асоб на сваю тэрыторыю. Так, Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі ўжо падрыхтавала папраўкі ў правілы аб дзяржавах, грамадзяне якіх пры падачы дакументаў на візу і від на жыхарства павінны праходзіць праверкі на прадмет пагрозы нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку. Ужо сёння ва ўездзе ў краіну адмаўляюць тым, хто адкрыта дэманструе падтрымку вайсковай агрэсіі РФ супраць Украіны.