«Спачатку зайшла санслужба, пасля МНС, а потым — міліцыя». Затрыманні на Зыбіцкай пасля выканання песні «Акіяна Эльзы» — што вядома?
Спявачка Мэрыем Герасіменка выканала на вуліцы Зыбіцкай у Мінску песню гурта «Акіян Эльзы». Гэта абурыла прапагандыстаў (мерапрыемства назвалі «бчбшным шабашам»), пасля чаго і артыстка, і кіраўнік бара «Слоікі-бутэлькі» Андрэй Жук (бар лічыўся арганізатарам выступу) перасталі выходзіць на сувязь.
05.08.2022 / 13:45
Па словах аднаго з супрацоўнікаў бара, да іх учора завіталі ўсе магчымыя службы:
«Спачатку зайшлі прадстаўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы, пасля МНС, а потым — супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Сабралі ўсіх супрацоўнікаў на апытанне, цікавіліся канцэртам, у асноўным, ці разумелі мы, якога артыста запрашаем. Забралі нашага кіраўніка і яшчэ аднаго новага супрацоўніка. Наколькі мы ведаем, сёння іх будуць судзіць».
Сам бар пакуль не працуе — знаходзіцца ў рэжыме чакання. Кіраўніком «Слоікаў-бутэлек» з’яўляецца Андрэй Жук.
У судзе Цэнтральнага раёна нам распавялі, што яго справа «яшчэ вывучаецца суддзёй», але сёння яго павінны асудзіць. Артыкул у канцылярыі ўдакладняць адмовіліся, але, па словах сяброў Андрэя, гэта можа быць 24.3 КоАП (непадпарадкаванне).
Што тычыцца Мэрыем, то, па нашай інфармацыі, яе адпусцілі да суда, які пройдзе ўжо ў панядзелак (дэталі абвінавачвання пакуль высветліць не ўдалося). Сама спявачка і яе калегі на званкі не адказваюць.
Варта адзначыць, што гэта не першы канцэрт спявачкі Мэрыем у бары: яна выступала на розных іншых мерапрыемствах у «Банках-бутэльках» і раней, але толькі цяпер прапагандысты накінуліся на ўстанову і артыстку праз тое, што яна спела песню «Обійми» на ўкраінскай мове і была апранутая ў белую майку з чырвоным сэрцам.
Мэрыем Герасіменка — мінская спявачка, салістка Meriem Band. Ёй 28 гадоў. Яна ўдзельніца шматлікіх шоу для спевакоў, у тым ліку расійскага «Голаса», шоу «Песні» на ТНТ, украінскага «Голос країни».