Два вядучыя супрацоўнікі АНТ сышлі з канала і з'ехалі за мяжу

Як стала вядома «Нашай Ніве», дзяржаўны канал АНТ з пачатку года страціў двух вядучых супрацоўнікаў, якія ўцяклі за мяжу. Гэта былы кіраўнік інфармацыйнага вяшчання і еўрапейскага бюро АНТ Руслан Паддубскі, а таксама супрацоўніца пула Лукашэнкі Наталля Стэльмах. 

14.08.2022 / 20:30

Руслан Паддубскі некалі ўзначальваў усё інфармацыйнае вяшчанне АНТ, пасля чаго стаў шэфам еўрапейскага офіса канала. 

Апошні час ён і не жыў у Беларусі, а працаваў з адной з еўрапейскіх краін, дзе вучацца яго дзеці. 

Апошні сюжэт з ягоным удзелам на АНТ — 25 лютага. Ён расказваў пра рэакцыю еўрапейскіх палітыкаў на вайну, а таксама цытаваў маргінальных заходніх дзеячаў, якія праводзілі лінію «нам трэба зразумець і прыняць патрабаванні Расіі».

Руслан Паддубскі. Фота: Ілля Бярнацкі

Пасля гэтага ніводнага сюжэта за ягоным прозвішчам на канале не выйшла. Як нам вядома, Паддубскі звольніўся з канала, не стаў вяртацца ў Беларусь і застаўся жыць у адной з краін ЕС. 

Каментаваць сваё рашэнне «Нашай Ніве» не стаў.

«Каментароў даваць не буду, бо і каментаваць тут няма чаго», — адказаў ён на запыт у месенджары.

Наталля Стэльмах — адна з зорак лукашэнкаўскага пулу. На канале яна працавала больш за 10 гадоў, ёй было прыемна здымаць прапагандысцкія ролікі і круціцца ў колах лукашэнкаўскай наменклатуры. 

Яна спрабавала рамантызаваць гэтых людзей у сваёй праграме «Двое із Дворца», казала Лукашэнку, што «грамадства чакае, калі вы ўжо прызнаеце Крым?». 

Яна рыхтавала рэпартажы з выбараў-2020 і нядаўняга рэферэндуму. Але пасля 9 сакавіка на АНТ не выходзіла яе сюжэтаў.

Разам са сваім партнёрам яна пакінула Беларусь і перабралася ў Мексіку. 

Старонка Наталлі Стэльмах у інстаграм. Скрыншот: тг-канал «МотолькоПомогі»

Пераезд журналісткі заўважыў канал «МотолькоПомогі». У сваім інстаграме Стэльмах апісвае жыццё ў Лацінскай Амерыцы.

Як нам вядома, у Беларусь яна вяртацца не збіраецца, а прычынай сыходу таксама лічыць далейшую немагчымасць апраўдання дзеянняў лукашэнкаўскага рэжыму і Расіі. 

Стэльмах на пытанні «Нашай Нівы» адказваць не стала. 

Чытайце таксама:

«Лёгкасць, свабода, творчасць — на кожным кроку». Гомельская прапагандыстка адпачывае ў краінах, якія ў працоўны час палівае брудам

«Куды вас суправаджаць?» Апублікавалі зліў тэлефонных размоў Балабы і прапагандысткі БТ Лебедзевай

«Не здолелі перастроіцца на мірную хвалю». Прапагандыст Казакоў крытыкуе джына, якога сам выпусціў з бутэлькі

Nashaniva.com