Калі занадта шмат думаць, гэта можа нашкодзіць здароўю
Калі шахматыст Магнус Карлсэн выйграў самую доўгую партыю ў свеце (7 гадзін 45 хвілін!), ён прызнаўся, што адчувае сябе выматаным. Магчыма, гэта не было перабольшаннем.
12.08.2022 / 14:41
Фота: pixabay.com
Даследчыкі кажуць, што калі занадта шмат думаць, гэта сапраўды можа прымусіць ваш мозг стаміцца. Праца, апублікаваная ў часопісе Current Biology, сведчыць, што прычынай такой стомленасці можа быць накапленне ў мозгу шкодных хімічных рэчываў, піша The Times.
Перад гэтым даследаваннем вучоныя ўжо высветлілі, што людзі, якія доўгі час выконвалі цяжкую інтэлектуальную працу, потым горш спраўляліся з задачамі, якія патрабавалі самакантролю. Сярод версій, чаму так адбываецца, была і такая: некаторыя з іх вышэйшых кагнітыўных (інтэлектуальных) здольнасцей былі парушаныя. Навукоўцы задаліся пытаннем, наколькі гэтая з’ява звязаная з фізіялогіяй.
Каб высветліць гэта, вучоныя правялі эксперымент, у якім узялі ўдзел 40 чалавек. Ім давялося на працягу 6 гадзін гуляць у звязаныя з матэматыкай гульні рознага ўзроўню складанасці. Пасля гэтага людзей папрасілі выканаць заданні на самакантроль — напрыклад, расказаць пра тое, ці гатовыя яны пачакаць, каб атрымаць большую ўзнагароду, або іх цікавіць магчымасць атрымаць меншую ўзнагароду як мага хутчэй.
Тыя, хто выконваў больш цяжкія задачы, горш спраўляліся з заданнямі на самакантроль. У дадатак, з дапамогай метаду магнітна-рэзананснай спектраскапіі навукоўцы высветлілі, што ў мозгу такіх людзей павысіўся ўзровень рэчыва пад назвай глютамат. Верагодна, глютамату ў мозгу было так шмат, што арганізм такіх людзей павінен быў накіроўваць больш энергіі на ачыстку ад яго, чым на працэс мыслення.
Даследаванне, пра якое ідзе гаворка, мае малы маштаб, і вучоныя не ўпэўненыя, што менавіта глютамат выклікае адчуванне стомленасці. Але ж праца як мінімум сведчыць пра тое, што мы сапраўды можам думаць празмерна шмат.