Старадаўнюю капліцу на Вайсковых могілках у Гродне адрамантуюць

Цяпер гарадская ЖКГ шукае таго, хто выканае будаўніча-мантажныя работы. Неабходна правесці гідраізаляцыю падмурка і сцен, рэстаўраваць цагляны мур, паведамляе budzma.by.

12.08.2022 / 15:56

Таксама плануецца аднавіць шкленне капліцы і металічныя рашоткі, агароджы і брамкі, якія раней былі страчаныя. Акрамя таго, неабходна ўсталяваць каменны крыж і іншыя знешнія і ўнутраныя элементы. Кошт работ ацэньваецца ў суму каля 20000 рублёў. Сродкі накіруюць з гарадскога бюджэту.

Неагатычная капліца генерал-маёра расійскай арміі Аляксандра Русау была пабудаваная каля 1896 года. Гэта самае старое пахаванне на тэрыторыі вайсковых могілак па вуліцы Белуша, якое захавалася.

Генерал Аляксандр Русау ў Гродне займаў пасаду павятовага правадыра дваранства. Да пераезду ў горад ён зрабіў вялікую ваенную кар’еру, камандаваў кавалерыйскай брыгадай.

Nashaniva.com