У сельскай гаспадарцы абвал. Аб'ём прадукцыі скараціўся на 10,4%. Аднак усё не так кепска
Такое вялікае падзенне часовае, яно тлумачыцца тым, што жнуць збожжа сёлета пазней, чым у мінулым годзе. Мінулае лета было вельмі спякотным, а гэтая вясна, наадварот, была позняй і халоднай. Аднак падзенне сельгасвытворчасці істотнае і незалежна ад гэтых метэаралагічных асаблівасцей.
16.08.2022 / 17:21
Вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў студзені-ліпені 2022 года ў гаспадарках усіх катэгорый (сельскагаспадарчых арганізацыях, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках, гаспадарках насельніцтва) склала 12,2 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах 89,6% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2021-га, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
У сельскагаспадарчых арганізацыях выраблена прадукцыі на 11,7 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах — 89,6% да ўзроўню адпаведнага перыяду папярэдняга года.
У гаспадарках усіх катэгорый атрымана 1,008 млн тон жывёлы і птушкі ў жывой вазе, 4605,6 тыс. тон малака, 2017,4 млн яек. На долю сельскагаспадарчых арганізацый прыпадае 97,1% аб'ёму вытворчасці жывёлы і птушкі ў жывой вазе, 97,5% малака і 83,8% яек.
На 1 жніўня 2022 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях налічвалася 4,1 млн галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў 1,4 млн. Колькасць свіней склала 2,3 млн. галоў.
Мінулае лета было вельмі спякотным, а гэтая вясна, наадварот, была позняй і халоднай. Таму летась значную частку збожжа зжалі ўжо ў ліпені. Сёлета гэта здарыцца ў жніўні. Тады дынаміка трохі палепшыцца. Тым не менш, вынікі сельскай гаспадаркі і без таго не выдатныя. Па выніках паўгоддзя яна таксама паказала падзенне — аж на 3%. Прычым скарацілася і пагалоўе быдла, і колькасць свіней — апошніх аж на дзве сотні тысяч галоў.