БТ сцвярджае, што ў дамах іспанцаў масава адключаюць электрычнасць. Але гэта поўная хлусня
17.08.2022 / 19:35
Лукашэнкаўская прапаганда працягвае пужаць беларусаў Еўропай, паралельна расказваючы, як там цяжка жывецца. Прапагандысты схапіліся за тэму энергетычнага крызісу, шкадуючы бедных еўрапейцаў. Але двойчы памыліліся.
Фота: Pixabay.
У прыватнасці, у эфіры БТ сцвярджаюць, што ў прыватных дамах іспанцаў пасля 22:00 нібыта выключаюць электрычнасць.
«У Іспаніі пачаліся абавязковыя адключэнні электраэнергіі па ўсёй краіне. Акрамя высокіх цэн на энергію, адбіваецца і новая хваля спёкі, а таксама рэкордна нізкі паток турыстаў, гэта значыць адсутнасць звыклай крыніцы даходу для многіх работнікаў сферы гасціннасці. Цяпер пасля 22 гадзін выключаецца не толькі падсвятленне славутасцяў у Барселоне і Мадрыдзе, але і электрычнасць у прыватных дамах грамадзян», — сцвярджае БТ.
У кароткім паведамленні прапаганда схлусіла некалькі разоў. Першы раз — пра «рэкордна нізкі паток турыстаў» у Іспаніі.
Гэты фэйк любяць разганяць расійскія прапагандандысты, каб пераканаць расіян, што Еўропа загнецца без расійскіх турыстаў. Але паток турыстаў у Іспанію імкліва расце з кастрычніка 2021 года і амаль дасягнуў дакавідных паказчыкаў.
Аналагічная хлусня і пра адключэнні электрычнасці ў прыватных дамах. Іспанскі ўрад папраўдзе падрыхтаваў новыя меры па энергазберажэнні. У прыватнасці, цяпер у гарадах пасля 22:00 будуць адключаць падсветку вітрын і кававых аўтаматаў. Таксама ў Іспаніі дзейнічаюць абмежаванні на выкарыстанне кандыцыянераў, вызначаны тэмпературны ліміт для летняга і зімовага сезонаў. Але ў прыватных дамах ніхто электрычнасць не адключае.
Вось што кажа «Нашай Ніве» беларус з Каталоніі Павел Кірылёнак пра прапагандысцкае паведамленне.
«Аніякіх абмежаванняў у прыватных дамах, кватэрах няма, абсалютна.
Адзінае, што зрабілі — гэта абавязалі кандыцыянеры ў публічных прасторах на 27 градусаў ставіць. У крамах, рэстаранах, і гэтак далей.
Электрычнасць крыху падаражэла, гэта так. Але тут гэта не найвялікшая частка расходаў, скажам так. На піва народ больш траціць», — кажа беларус з Каталоніі.