Меліціна Станюта: Вельмі цяжка адной у чужых краінах, без паняцця, дзе спаць заўтра

Гімнастка Меліціна Станюта шчыра распавяла, якімі былі для яе апошнія паўгода.

19.08.2022 / 10:03

Фота: старонка ў інстаграме спартсменкі

«Апошнія месяцаў шэсць у мяне было шмат стрэсу, і вельмі цяжка адной у чужых краінах, амаль без грошай, без паняцця, дзе мне спаць заўтра… Бяссонныя ночы, пераезды, пералёты, валізкі, сумкі… Усё гэта назапасілася і вылілася ў агульную млявасць і абыякавасць да жыцця.

Сіл не было зусім, а працаваць трэба з гімнасткамі… Таму я засяродзілася на працы і на адпачынку (хоць малым паміж трэніроўкамі).

Я такі чалавек, які адпачывае, калі адзін. Мае сябры ведаюць, што я ў адзіночку езджу на адпачынак, каб зарадзіць сваю батарэйку: кніга, сон, шпацыры тады, калі хочацца», — напісала Меліціна ў інстаграме і дадала, што цяпер у яе больш энергіі.

Апошнім часам яна праводзіць майстар-класы па гімнастыцы ў розных гарадах.

Фота: старонка ў інстаграме спартсменкі

У сакавіку, пасля пачатку вайны, гімнастка распавядала, што ў яе былі праблемы з уладкаваннем на працу праз беларускі пашпарт. 

«Яны проста бачаць ваш пашпарт і нацыянальнасць, і прымаюць рашэнні. Для іх не мае значэння, што я стаяла на другім баку, падтрымлівала праўду і людзей, страціла з-за гэтага працу.

Проста таму, што я беларуска.

І ведаеце, што? Я не выключаю, што гэта наша віна. Ведаеце, як у спорце, калі ты не выйграў — ты зрабіў недастаткова.

Ці нешта яшчэ не зрабіў. Гэта жахліва, але гэта ўжо так», — дзялілася тады Меліціна. Але дадала, што гэта ўсё не мае значэння на фоне таго, што дзеецца ва Украіне.

Меліціна Станюта: Учора я атрымала дзве адмовы ў працы праз мой беларускі пашпарт. Але гэта ўжо не мае значэння

Nashaniva.com