Палёт фантазіі Эйсманта: «У Брытаніі дзяцей вучаць сябраваць з педафіламі» 

БТ выпусціла шакуючую навіну: у Вялікабрытаніі з дапамогай спецыяльных брашур дзяцей вучаць не баяцца педафілаў, а сябраваць з імі.

19.08.2022 / 18:54

Тэлеканал, на чале якога стаіць Іван Эйсмант — муж Наталлі Эйсмант, прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі — у сваёй фэйкавай навіне прыводзіць тэкст «брашуры»: «Што рабіць, калі да цябе падышоў незнаёмы на вуліцы? Не трэба яго баяцца, звычайна ён не зробіць табе нічога дрэннага. Не трэба крычаць і плакаць, гэта можа абразіць пачуцці незнаёмца. Не называй яго педафілам, гэта слова лаянкавае. Паспрабуй спазнаць яго лепш. Ён проста хоча завесці сабе новых сяброў, як ты. Запрасі яго да сябе. Ты не можаш сабе ўявіць, якім вясёлым можа быць твой новы сябар».

Але адкуль БТ пра гэта даведалася? Можа, у іх з'явіліся карэспандэнты ў Брытаніі? Усё нашмат прасцей — беларускія прапагандысты ўзялі гэтую навіну з расійскага сайта «Царьград».

Насамрэч, ніхто ў Брытаніі не вучыць дзяцей сябраваць з педафіламі. Наадварот, брытанскіх дзяцей у школах і садках вучаць, як іх пазбягаць і не стаць іх ахвярамі, як абараніць сябе ад педафілаў. Навіна — абсалютны фэйк.

Тлумачым чаму.

Першая дэталь, на якую мы звяртаем увагу ў «брытанскай брашуры» — поўная адсутнасць лагатыпа альбо ўліковых даных арганізацыі, якая яе апублікавана. Няма ніякіх доказаў (акрамя мовы) таго, што гэтая брашура сапраўды была апублікаваная ў Брытаніі і што яна сапраўды выкарыстоўваецца ва ўстановах адукацыі.

Відавочна, што калі б гэтая брашура была ад афіцыйнай установы, то аўтары былі б першымі зацікаўленыя ў дэманстрацыі лагатыпа. Але нічога падобнага няма. Гэта брашура, якую мог бы зрабіць хто заўгодна і ў любой краіне.

Наступная дэталь — Google дазваляе шукаць крыніцу выявы. І ўвесь пошук па першакрыніцах гэтых малюнкаў вядзе выключна на расійскія прапагандысцкія сайты-сметніцы. Фоты распаўсюджвае выключна расійская сетка дэзынфармацыі, часткай якой лукашысты зрабілі беларускія дзяржаўныя СМІ.

Пры ўводзе ў Google назвы брашуры не выскоквае ніводнага выніку, які пацвярджаў бы, што брашура распаўсюджваецца ў дзіцячых садках Вялікабрытаніі.

Гэты фэйк — стандартная расійская кампанія дэзынфармацыі для дыскрэдытацыі краін Захаду і распальвання варожасці да іншых народаў.

Nashaniva.com