«Турысты кажуць, што ў нас, як у Еўропе, таму і цэны на арэнду — еўрапейскія». Як Гродна перажывае турыстычны бум
Цэны на пасуткавую арэнду кватэр падскочылі, а мінчукі натоўпамі едуць у Гродна дзеля гістарычнай спадчыны і абедаў ва ўтульных дворыках.
21.08.2022 / 19:10
Арэнда даражэйшая, чым у Мінску, Вільні ці Празе?
Днямі на адным з гродзенскіх гарадскіх парталаў з'явіўся артыкул, дзе турыстка, якая наведала горад, скардзілася на высокія цэны і нізкі ўзровень сэрвісу.
Асноўныя прэтэнзіі заключаліся ў тым, што ў горадзе назіраюцца праблемы з пошукам жытла. Усе нумары ў гасцініцах і хостэлах забраніраваны, а цэны на пасуткавую арэнду кватэр у Гродне, з яе слоў, цяпер вышэйшыя, чым у Мінску, Вільні ці Празе. На першы позірк такое параўнанне выглядае перабольшаннем, але…
Як высветлілася, праблемы з пошукам месца для начлегу ў горадзе сапраўды ёсць. Гасцініцы і хостэлы па выходных цалкам занятыя, таму тым, хто не паспеў забраніраваць нумар загадзя, даводзіцца шукаць кватэры на суткі.
Booking.com у Беларусі не працуе, праз гэта шукаць кватэры трэба на розных адмысловых сайтах. Але праблема не ў гэтым. У аб'явах арэндадаўцы прапісваюць не зусім тыя стаўкі, па якіх фактычна можна засяліцца ў кватэру.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
За пазначанымі ў аб'яве 50-70 рублямі насамрэч хаваецца куды больш высокая цана, але даведацца пра яе можна, толькі прачытаўшы падрабязнасці ў апісанні, або выключна падчас тэлефоннай размовы.
«Цана залежыць ад колькасці пастаяльцаў і сутак пражывання (50 рублёў за аднаго пражываючага, пры ўмове арэнды на тэрмін ад 15 дзён). У святочныя і выхадныя дні цана дамоўная», — гаворыцца ў апісанні да адной з кватэр.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
На справе за суткі пражывання ў выходныя дні ад вас запатрабуюць ад 150 рублёў.
Так, напрыклад, за дзве ночы ў 1-2-пакаёўцы з добрым рамонтам, якая месціцца ў гістарычным цэнтры, давядзецца выкласці 350 рублёў. Нярэдка гаспадары такіх кватэр адмаўляюцца здаваць яе толькі на адзін дзень, прапануючы два выходных «пакетам».
Крыху танней можна пасяліцца ў спальных раёнах, якія знаходзяцца адносна блізка да цэнтра. Такія варыянты прапануюць па 150 рублёў за суткі, ці па 300 за два выходныя.
Адзіная магчымасць сэканоміць на арэндзе жытла — наведваць горад у будныя дні. Па словах агентаў, тыя самыя кватэры, што ў выходныя здаюцца па 150-180 рублёў у суткі, у працоўныя дні можна арэндаваць па стаўцы 80-100.
«З другой паловы чэрвеня мы пачалі назіраць сапраўдны турыстычны бум»
Настолькі заўважную розніцу ў цэнах арэндадаўцы тлумачаць вялікім наплывам турыстаў.
Адна з гаспадынь такіх кватэр распавяла «Нашай Ніве», што нешта падобнае ў Гродне назіраецца кожнае лета, але бягучы год ужо паспеў стаць асаблівым.
«У прынцыпе горад заўжды карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод турыстаў, асабліва ў цёплы перыяд, але прыблізна з другой паловы чэрвеня мы пачалі назіраць сапраўдны турыстычны бум.
Цягам апошніх двух месяцаў попыт толькі рос, а разам з ім растуць і арэндныя стаўкі. І прынамсі пакуль зніжаць іх не мае сэнсу, бо і па такім кошце на выходныя кватэры амаль ва ўсіх забраніраваныя ўжо на 2 тыдні наперад.
Людзям вельмі падабаецца наш горад, яны кажуць, што ў нас тут, як у Еўропе, відаць, таму і цэны на арэнду ў нас еўрапейскія», — жартуе жанчына.
Гаспадыня апартаментаў кажа, што ўжо з верасня хваля турыстаў паступова пачне спадаць, але калі надвор'е будзе добрым, то ў горад усё адно працягнуць ехаць у адпачынак.
Што тычыцца геаграфіі турыстаў, то, па словах жанчыны, сёлета, як і летась, большасць яе пастаяльцаў маюць беларускі пашпарт.
«У нас стаў папулярны ўнутраны турызм, бо ў папярэднія два гады былі закрытыя граніцы. Цяпер абмежаванняў няма, але атрымаць візу складана і вельмі дорага, таму людзі падарожнічаюць па краіне. Натуральна, што ўсім цікава з'ездзіць да нас, бо ў Гродне сапраўды ёсць на што паглядзець. У дакавідныя часы да нас ехала шмат літоўцаў і палякаў, а цяпер гэта ў асноўным беларусы, расіяне таксама едуць, але іх усё адно не вельмі шмат», — заўважае суразмоўца.
Турыстаў з ЕС замянілі беларусы і расіяне
Натуральна, што вяршкі з турыстаў здымаюць не толькі тыя гарадзенцы, якія здаюць жытло. Значнае павелічэнне турыстаў на сабе адчуваюць і мясцовыя экскурсаводы.
Адзін з гродзенскіх гідаў распавёў «Нашай Ніве», што горад, па назіраннях, нарэшце вярнуўся на дакавідныя аб'ёмы. (У 2019 годзе толькі ў рамках бязвізавага рэжыму Гродна і найбліжэйшыя рэгіёны наведала 136 тысяч турыстаў.)
«Апошні раз мы нешта падобнае бачылі ў 2019 годзе, калі па горадзе ў прамым сэнсе слова хадзілі натоўпы турыстаў, а на паркоўцы для турыстычных аўтобусаў не хапала месца для ўсіх ахвотных. Не выключаю, што пад канец лета людзей пачало прыязджаць у горад нават больш, чым да пандэміі», — кажа экскурсавод.
Па ягоных назіраннях, асноўнае адрозненне 2019 года ад 2022-га заключаецца ў тым, што ў дакавідныя часы большасць турыстаў прыязджала ў горад з Захаду, а цяпер з Усходу.
«Нават татальны бязвіз не паспрыяў таму, каб аднавіўся паток турыстаў з ЕС. Раней да нас прыязджала вельмі шмат літоўцаў і палякаў, цяпер такога няма.
З Польшчы ўвогуле амаль ніхто да нас у турыстычных мэтах не едзе. Бываюць групы з Літвы і Латвіі, але гэта далёка не тое, што было 3-4 гады таму. Цяпер асноўныя турысты — гэта беларусы і расіяне, апошніх стала заўважна больш, чым было ў папярэднія гады».
«Мінчукам падабаюцца нашы старыя атмасферныя дворыкі»
Уласнікі кавярняў у цэнтры таксама рады таму, што ў горад едзе шмат турыстаў.
«У тым ліку дзякуючы турыстам у нашым горадзе пастаянна адкрываюцца новыя ўстановы, за апошнія 3-5 год Гродна вельмі моцна прасунуўся ў гэтым кірунку. Я ведаю, што да нас прыязджае шмат гасцей з Мінска, і нават распешчаныя жыхары сталіцы хваляць нашы ўстановы грамадскага харчавання, ім падабаюцца нашы старыя атмасферныя дворыкі.
Гродна пачынае заваёўваць славу не толькі самага прыгожага горада краіны, але і месца, куды можна з'ездзіць, каб смачна паесці і патусавацца ў разнастайных цікавых установах», — сцвярджае адзін з мясцовых рэстаратараў.