Сіднэй стаў Марсам + фота
Горад патанае ў чырвоным пыле. Адначасовае ўдзеянне зямлі, ветру і агню ператварыла яго ў марсіянскую пустэльню.
23.09.2009 / 10:04
Горад ахутаў чырвоны пыл. Беспрэцэдэнтнае, паводле метеэролагаў, «адначасовае ўдзеянне зямлі, ветру і агню» на нейкі час ператварыла горад ў марсіянскую пустэльню.
У сераду раніцай, ідучы на працу, жыхары Сіднэя не пазналі свой горад. Сюды прыйшла пылавая бура, і самы вялікі горад Аўстраліі ахутала велізарнае воблака колеру іржы.
Паводле жыхароў, горад падобны да Марса, бачнасць у горадзе складае 10 — 400 метраў.
«Я падумаў, што пачаўся Армагедон ці нешта яшчэ горшае. Выйшаў раніцай на кухню, а на горад насоўваецца чырвоны туман. У мяне зялёная машына, а стала аранжавая».
Спыніўся транспарт. Улады, каб папярэдзіць шматлікія ДТЗ, перакрылі тунэлі і многія трасы, рэкамендаваўшы аўтамабілістам быць або максімальна асцярожнымі, або наогул не сядаць за стырно. Захады аказаліся эфектыўнымі: звестак пра пацярпелых няма.
Адмененыя дзясяткі авіярэйсаў. Тром самалётам, што ляцелі з Новай Зеландыі, загадана вярнуцца назад. Таксама спынена паромная камунікацыя. Жыхары Сіднея перасоўваюцца па горадзе ў спецыяльных масках.
Метэаролагі супакоўваюць, што пад вечар пыл знікне: на горад ідзе дажджавое воблака, якое ачысціць паветра.