«Дугін меў ехаць на гэтай машыне, але сеў у іншую». Узарвалі дачку ідэолага расійскага імперыялізму Дугіна

У Падмаскоўі ўзарвалі джып Дар'і Дугінай — дачкі Аляксандра Дугіна, філосафа-неанацыста, ідэолага расійскага імперыялізму. Знаёмыя сям'і пішуць, што ў машыне павінен быў ехаць і сам Дугін. 

21.08.2022 / 00:18

Па папярэдніх звестках, дзяўчына загінула на месцы. Але афіцыйнага пацвярджэння няма.

Выбух у Land Cruiser Prado адбыўся на Мажайскай шашы падчас руху.

Машына Дугінай

Скрыпач Пётр Лундстрэм паведаміў, што Дар'я Дугіна разам з бацькам выступала на патрыятычным фестывалі «Традыцыя» ў падмаскоўнай сядзібе Захарава. 

«Дугін меў ехаць на гэтай машыне, але сеў у іншую», — напісаў музыка.

Аляксандра Дугіна лічаць ідэолагам так званага «рускага свету», рашызму. З 2014 года ўнесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, а з 2015 года і ў санкцыйны спіс ЗША і Канады.

Дар'я Дугіна займалася журналістыкай, філасофіяй і паліталогіяй, у ліпені 2022 года была ўключана ў санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі.

Nashaniva.com