На Слонімшчыне вялікі зубр патрапіў у балотную пастку
Пра гісторыю з сумным канцом паведамляе тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом».
21.08.2022 / 10:00
Здарэнне адбылося каля вёскі Лапухова Слонімскага раёна. Тут у лесе калісьці здабывалі торф, пасля чаго засталіся глыбокія ямы, якія з часам забалоціліся і зацягнуліся мохам. У адну з такіх ямаў патрапіў і загруз у ёй вялізны зубр вагой амаль у паўтоны, які немаведама якім чынам забрыў у гэтыя мясціны.
На жывёліну, якая прабыла ў твані каля тыдня, наткнуўся мясцовы ляснік. Актывісты Таварыства паляўнічых і рыбаловаў выцягнулі зубра, які быў яшчэ жывы. Але пражыў ён пасля таго ўсяго два дні. Спецыялісты канстатавалі, што за тыдзень знаходжання ў балоце зубр атрымаў моцнае пераахаладжэнне, да таго ж у яго атрафіраваліся заднія ногі.
Пастаянна зубры на Слонімшчыне не жывуць, але бывае, што заходзяць сюды з недалёкай Белавежскай пушчы.