Машына з дачкой выбухнула на вачах у Дугіна
Следчым удалося пагутарыць з Аляксандрам Дугіным, які цяпер знаходзіцца ў бальніцы.
21.08.2022 / 18:32
Рэшткі машыны Дугіна
З фестывалю бацька і дачка з'ехалі на розных аўтамабілях. Машына з Дугіным ехала амаль следам за дачкой. Выбух на павароце са Звянігародскай шашы на Мажайскую адбыўся ў яго на вачах, распавядае kp.ru.
У выбуховай прыладзе ў машыне Дарʼі Дугінай было закладзена каля 400 грамаў трацілу, паведаміла ТАСС са спасылкай на праваахоўныя органы.
Дугін, паводле выдання, сцвярджае, што яны з дачкой апошнім часам атрымлівалі праз сацсеткі мноства пагроз ад украінскіх нацыяналістаў, але не надавалі ім значэння.
Учора ў Падмаскоўі ўзарвалі джып Дар'і Дугінай — дачкі Аляксандра Дугіна, філосафа-неанацыста, ідэолага расійскага імперыялізму. Паведамлялася, што ў машыне павінен быў ехаць і сам Дугін.
Аляксандра Дугіна лічаць ідэолагам так званага «рускага свету». З 2014 года ён ўнесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, а з 2015-га і ў санкцыйны спіс ЗША і Канады.
Дар'я Дугіна займалася журналістыкай, філасофіяй і паліталогіяй, у ліпені 2022 года была ўключаная ў санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі.