«Пакіньце жыццё мне!» Як савецкая цэнзура змусіла Пімена Панчанку замяніць канец хрэстаматыйнага верша
Паэт Міхась Скобла на 105-ю гадавіну з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанку ўзгадвае ў фэйсбуку пра свае завочныя і вочныя сустрэчы з ім і пра тое, як нават ён, здавалася б сваімі званнямі і пасадамі абаронены ад савецкай цэнзуры, на самай справе ад яе цярпеў.
23.08.2022 / 22:50
Зіма 1987 года, Каралішчавічы пад Мінскам, заснежаны лес, семінар маладых літаратараў, куды мне пашчасціла трапіць з другога курса філфака БДУ. І вось мы з празаікам Анатолем Казловым размяшчаемся ў звышсціплым фінскім дамку наводшыбе, які відавочна не прызначаўся для зімовых начлегаў, а летам у ім жыў Пімен Панчанка.
Агравання ніякага не было, і мы ў першую ноч да раніцы дружна прадавалі дрыжыкі. Назаўтра нам далі нейкі самаробны каларыфер, ад якога праз кожныя пятнаццаць хвілін выстрэльвалі пробкі ў электрашчыце.
Але мы былі маладыя, грэліся вершамі ды прынесеным з суседняга Апчака віном, і аўтографы Дзеда Мароза на шыбах нас асабліва не цікавілі. Больш цікавіла, як народны паэт улетку адпачывае ў такіх непрыстасаваных для жыцця ўмовах. У дамку нават вады не было, ложкі стаялі з жалезнымі сеткамі, як у вайсковай казарме…
Пакідаючы праз тыдзень тое часовае жытло, мы ўсё ж удзячна напісалі на заінелых шпалерах — як прывітанне гаспадару — ягоныя радкі: «Покуль сонца не згасла, покуль свецяцца зоры, / Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь! Дзякуй летапісцу Пімену за такія вершы. Сябры літаратурнага таварыства «Тутэйшыя».
Калі я пасля ўніверсітэта прыйшоў да Пімена Панчанкі браць першае ў сваім жыцці інтэрв’ю, то найперш пацікавіўся, ці дайшло да адрасата тое шпалернае пасланне. Паэт прыкметна ажывіўся і сказаў, што дайшло, ён доўгі час нават забараняў мяняць шпалеры ў тым месцы.
Першае інтэрв’ю з Панчанкам запомнілася мне яшчэ адной гісторыяй. Трэба сказаць, што, атрымаўшы рэдакцыйнае заданне, я перш-наперш зазірнуў у энцыклапедыю і ажно разгубіўся — пра што я, нядаўні выпускнік філфака, буду размаўляць з народным паэтам, лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, васьмёрачы ардэнаносцам, ганаровым акадэмікам Акадэміі навук Беларусі і экс-дэпутатам Вярхоўнага Савета з нячастым нават для савецкай наменклятуры стажам — ажно дваццаць сем гадоў?
Праўда, адвагі мне дадавалі згаданыя Каралішчавічы і любоў да панчанкаўскай паэзіі. Яшчэ са школы я ведаў на памяць і суровага, зусім не параднага «Героя» («Злосна сказаў: уставай, пяхота, / Мы не на пляжы, а на вайне…»), і пяшчотныя «Белыя яблыні», і «Родную мову», дзе сакаталі, красавалі, жнівавалі, лістападзіліся і сняжыліся ўсе дванаццаць месяцаў беларускага календара.
Памятаю, ужо ўзнімаючыся па лесвіцы ў доме, які знаходзіўся ў гэтак званым «Пыжыкавым раёне» над Свіслаччу, я паўтараў, як нейкі дадатковы пароль, памятныя са школьнай хрэстаматыі радкі: «У акенца тваё / я пастукаў зязюльчыным ранкам / Пасля салаўінага вечара / і перапёлчынай ночы»…
Але ніякіх дадатковых пароляў не спатрэбілася. Пачуўшы пра Каралішчавічы, Пімен Емяльянавіч прыняў мяне як даўняга знаёмца, і проста агаломшыў сваёй шчырасцю і даверам. Не чакаючы, пакуль я пачну задаваць падрыхтаваныя пытанні, паэт без аніякай наводкі з майго боку загаварыў сам пра рэчы, пра якія тады, нягледзячы на ўсю галоснасць, хіба шапталіся на пісьменніцкіх кухнях. Напрыклад, пра тое, што Янку Купалу ў Маскве ў 1942 годзе — забілі. «Я напісаў пра гэта ў дзённіку», — прызнаўся Панчанка. І як яму было не паверыць, калі ён сам у той маскоўскай гасцініцы жыў і з Купалам сустракаўся…
Здзівіў мяне Панчанка і расказам пра свае адносіны з савецкай цэнзурай. Як мне на той час уяўлялася? Калі ты народны паэт і лаўрэат найвышэйшых дзяржаўных прэмій, то аніякі прыдзірлівы рэдактар і звышпільны цэнзар не маюць права да цябе чапляцца.
Аказалася — маюць, і Панчанку, нягледзячы на ўсе званні і прэміі, рэдагавалі і цэнзуравалі з гэткім жа ідэалагічным нахабствам, як і ўсіх астатніх. З кожнай кнігі здымаліся падазроныя з гледзішча Галоўліта вершы, шмат якія творы аўтар змушаны быў перапісваць.
Як прыклад цэнзуравання, Панчанка прыгадаў гісторыю з хрэстаматыйным вершам «Родная мова» (тым самым, згаданым). Паэта выклікалі ў выдавецтва і запатрабавалі змяніць фінальную страфу: «Ці плачу я, ці пяю? / Восень, на вуліцы цёмна… / Пакіньце мне мову маю — / Пакіньце жыццё мне!». Іначай — кніга не выйдзе.
Што было рабіць? Паэт вымушаны быў згадзіцца і завершыць верш больш памяркоўным чатырохрадкоўем: «Ці плачу я, ці пяю, / Ці размаўляю з матуляю — Песню сваю, мову сваю / Я да грудзей прытульваю». У такім выглядзе «Родная мова» і друкавалася — ва ўсіх выбраных, зборах твораў і школьных падручніках. Пачынаючы з 1964 года.
Самае дзіўнае, што паэт і крытык з бездакорным літаратурным густам Міхась Стральцоў назваў тыя дапісаныя пад прымусам радкі з «прытуленай да грудзей» мовай «так шчасліва народжанымі аднойчы, пранізлівымі і прачулымі». У чым, верагодна, пераканаў і самога аўтара — Панчанка так і не аднавіў сцэнзураваны верш у прыжыццёвых выданнях.
Зрабіў гэта я ў паэтычнай анталогіі «Краса і сіла» (2003), калі Панчанкі даўно ўжо не было на свеце. Тады той-сёй папракаў мяне ў парушэннях. Маўляў, ёсць воля аўтара і правілы тэксталогіі, і парушаць іх нельга. Падобнай думкі, як выглядае, да гэтай пары трымаюцца і сучасныя выдаўцы — паўсюль «Родная мова» перадрукоўваецца са згодніцкім, вартым жалю фіналам. А быў жа (і мусіць застацца) пратэст народнага паэта супраць знішчэння беларускай мовы, выказаны ў час, калі савецкія людзі кукурузны камунізм будавалі.
«Пакіньце мне мову маю — пакіньце жыццё мне!»