З барысаўскай раёнкі звольнілася галоўная рэдактарка — у эфіры праўладнага блогера яна скардзілася на праблемы ў горадзе
З барысаўскай раённай газеты «Адзінства» сышла галоўная рэдактарка Кацярына Вераб'ёва. На пачатку чэрвеня яна дала інтэрв'ю праўладнаму блогеру Аляксею Голікаву, дзе паскардзілася на праблемы райцэнтра.
24.08.2022 / 08:35
23 жніўня Вераб'ёва апублікавала ў Instagram фота працоўнай кніжкі і падпісала яго: «Больш не галоўрэд «Адзінства». А таксама працытавала верш Яўгена Еўтушэнкі пра «не надо бояться быть честным, но битым, а надо бояться быть лживым и сытым».
Прычыны сыходу яна не патлумачыла.
У інтэрв'ю Голікаву Вераб'ёва скардзілася, што райцэнтрам не надаюць дастаткова ўвагі («калі праехацца па рэгіёнах — усё не так прыгожа»), у Барысаве ніяк не пабудуюць новую паліклініку ды і дарогі кепскія.
«Нашай Ніве» расказалі, што ў рэдактаркі «Адзінства» пасля гэтага інтэрв'ю ўзніклі пэўныя праблемы, а лінія дыскусіі Голікава нагадала адказным за ідэалогію «стыль ранняга Ціханоўскага».