Украіне перададуць міні-дроны вагой 33 грамы. Расказваем, чым яны асаблівыя і як дапамогуць арміі ВІДЭА
Стала вядома, што ў межах новага пакету дапамогі Украіне Брытанія і Нарвегія перададуць мініяцюрныя разведвальныя дроны. Даведаліся, у чым іх адметнасць.
25.08.2022 / 19:01
Black Hornet у палёце. Фота: nauticexpo.com
Кіеву паставяць 850 мініяцюрных беспілотнікаў ад кампаніі FLIR Systems і навучаць украінцаў імі карыстацца. Яны найменшыя ў свеце, але ўжо даказалі сваю карысць. Гэта ўжо іх трэцяе пакаленне, а выкарыстоўваюць іх у больш, чым 20 арміях свету.
Вага аднаго дрона складае менш за 33 грамы, а памеры — 10 на 2.5 сантыметра. Пры гэтым ён можа лётаць на адлегласць да двух кіламетраў і трымацца ў паветры да 25 хвілінаў, а максімальная хуткасць апарата дасягае 21 кіламетра ў гадзіну.
Дэманстрацыя выкарыстання Black Hornet PRS у межах разведвальнай місіі. Відэа: Youtube
Таксама на ім стаіць даволі магутная камера. Яна дазваляе здымаць фота ў разрозненні да 1600*1200, а відэа — у разрозненні да 640*480. На беспілотніках стаіць таксама цеплавізар, які дазваляе ім працаваць уначы. Дзякуючы новаму цеплавізійнаму датчыку FLIR Lepton і новай HD-камеры, сістэма забяспечвае хуткую і надзейную апрацоўку выяваў.
Новая модульная канструкцыя дазваляе хутка замяняць акумулятары і бартавыя сэнсары, дазваляючы аператару хутка падрыхтаваць беспілотнікі да новых місіяў. Таксама ён працуе вельмі ціха, што ўскладняе яго ідэнтыфікацыю.
Спецыфікацыя Black Hornet. Фота: nauticexpo.com
Акрамя ўсяго іншага, кіраваць ім вельмі лёгка. Трэба прайсці мінімальную падрыхтоўку для паспяховага разгортвання ўсёй сістэмы.
Аператары могуць лёгка ствараць профілі палёту, пазначаць маршруты і прызначаць задачы для Black Hornet. Напрыклад, аператары могуць даручыць беспілотніку спыняцца ў пэўных кропках і сканаваць мясцовасць на 360 градусаў.
Беспілотнік можа лётаць нават у зонах, дзе няма пакрыцця GPS. Гэта дазваляе яму працаваць унутры будынкаў і нават у пячорах і сховішчах. Сістэма кіравання дазваляе яму надзейна і ўстойліва працаваць за межамі прамой бачнасці.
Базавы камплект уключае ў сябе сам апарат і экран для кіравання, які дазваляе кіраваць двума беспілотнікамі адначасова. Мінімальны кошт аднаго камплекту — каля 40 тысяч даляраў.
Стандартны камплект. На фота паказаны кантролер кіравання з дысплэем. Фота: nauticexpo.com
Кампанія прапануе таксама цікавае пашырэнне — пускавую ўстаноўку Black Hornet VRS. Яна дазваляе абсталяваць машыны сістэмай назірання і разведкі. Black Hornet VRS манціруецца звонку і цалкам інтэгруецца ў транспартны сродак, ствараючы сістэму, якая забяспечвае магчымасць весці назіранне для экіпажа, абароненага ўнутры транспартнага сродку.
Пускавая ўстаноўка Black Hornet VRS на браніраванай баявой машыне. Фота: dronomania.ru
Асноўнае прымяненне беспліотнікаў Black Hornet — гэта разведка ў сітуацыях, калі вораг знаходзіцца даволі блізка і штурм закрытых памяшканняў. Беспілотнік створаны, каб знізіць страты сярод асабістага складу вайскоўцаў і зрабіць выведку больш эфектыўнай.
Апарат ужо выпрабаваны ў арміях НАТА. У 2013 годзе брытанскі маёр Адам Фодэн распавёў Daily Mail, што Black Hornet быў карысным на полі бою ў Афганістане. «Раней мы пасылалі салдат наперад, каб праверыць, ці не хаваюцца варожыя байцы ў шэрагу будынкаў», — сказаў ён. — Цяпер мы накіроўваем Black Hornet, каб зазірнуць унутр і пракласці маршрут праз тэрыторыі, занятыя ворагам».
Стаіць ён і на ўзбраенні арміі Францыі. Фота: YouTube
Агульная сума паставак гэтых беспілотнікаў ва Украіну — 9 мільёнаў даляраў разам з навучаннем.