І смех і грэх. Ніне Багінскай забаранілі гуляць у азартныя гульні

75-гадовай Ніне Багінскай забаранілі выязджаць з Беларусі, наведваць казіно, а таксама гуляць у азартныя гульні, паведамляюць праваабаронцы.

25.08.2022 / 22:20

У судзе Першамайскага раёна Мінска адбыўся яшчэ адзін працэс у дачыненні да 75-гадовай актывісткі Ніны Багінскай па пытаннях забеспячэння выканання выканаўчага дакумента. У красавіку ёй прызначылі 1600 рублёў штрафу за тое, што яна выйшла са сцягам у цэнтр Мінска на Дзень Волі.

Штраф Багінская аплочваць не стала, таму ў дачыненні да яе былі накладзеныя абмежаванні — 8 жніўня намесніца старшыні аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска Саранчук забараніла Багінскай паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі прадастаўляць актывістцы паслугі інтэрнэта, мабільнай сувязі і тэлебачання.

Але гэтага падалося мала, таму аддзел прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска звярнуўся ў суд. У выніку суддзя Вольга Чарніковіч забараніла актывістцы выязджаць з Беларусі, наведваць ігральныя установы, а таксама гуляць у азартныя гульні.

Nashaniva.com