Актрыса Марына Грыцук, якую вывозілі з Кіева «на танку», з'явілася на праўладным мерапрыемстве ў Мінску

Грыцук вядзе ўрачыстае праўладнае мерапрыемства да 100-годдзя беларускай адвакатуры. Хоць у сацсетках яна і дагэтуль сябе пазначае ўдзельніцай украінскага гумарыстычнага праекта «Дызель-шоу».

26.08.2022 / 22:45

Незалежная адвакатура ў Беларусі за апошнія гады была фактычна знішчаная. Адвакаты, якія займаліся абаронай палітзняволеных, пазбаўляюцца ліцэнзій, а Міністэрства юстыцыі ўзначаліў былы высокапастаўлены сілавік без юрыдычнай адукацыі.

Што да Марыны Грыцук, то кіраўнік праекта «Дызель-шоу» Ягор Крутагалоў у ліпені ў адным з інтэрв'ю адзначаў:

«Адносна Марусі Грыцук. То яна трапіла ў акупацыю пад Кіевам. Яны 17 сутак прасядзелі без сувязі, без святла. На 17-ы дзень яе муж-беларус дамовіўся, каб яе забраць. За ёй прыехаў танк. Яна села ў танк і з'ехала ў Беларусь. Яе муж артыст. Ён проста хацеў выратаваць сваю жонку. Мы не маглі дапамагчы».

Пры гэтым агульная праўкраінскасць поглядаў Грыцук у яго сумневаў не выклікала. 

Марына Грыцук родам з Брэста, вучылася ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Падчас вучобы стала гуляць у КВЗ, спачатку за сваю ВНУ, а потым трапіла ў зборную Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Каманда БДУ за яе часамі двойчы станавілася чэмпіёнам вышэйшай лігі КВЗ, гэта быў яе залаты час. З 2004 года Грыцук працавала на беларускім тэлебачанні, у 2019 годзе далучылася да акцёрскага складу ўкраінскага «Дызель шоу». 

Nashaniva.com