У Партугаліі ў садзе знайшлі найбуйнейшы ў Еўропе шкілет дыназаўра
У горадзе Помбал, Партугалія, выявілі астанкі брахіязаўра — прадстаўніка найбуйнейшага віду з усіх дыназаўраў і наземных жывёл, якія калі‑небудзь існавалі на зямлі. Даследчыкі называюць яго самым вялікім шкілетам дыназаўра, знойдзеным у Еўропе.
29.08.2022 / 11:36
Шкілет быў знойдзены ў садзе за жылым домам. Яго ўладальнік заўважыў фрагменты акамянеласцяў яшчэ ў 2017 годзе і звязаўся з даследчыкамі з Лісабонскага ўніверсітэта. Тады ж і пачаліся раскопкі.
«Незвычайна знайсці ўсе рэбры такой жывёлы, не кажучы ўжо пра тое, што яны захавалі сваё першапачатковае анатамічнае становішча», — сказала супрацоўніца Лісабонскага ўніверсітэта Элізабэт Малафая.
Даследчыкі спадзяваюцца, што пры далейшых раскопках ім удасца выявіць больш частак таго ж дыназаўра. Мяркуючы па памеры шкілета, палеантолагі выказалі здагадку, што ён быў 12 метраў у вышыню і 25 метраў у даўжыню.
Малафая таксама адзначыла, што гэты дыназаўр жыў прыкладна 145 млн гадоў таму. Паводле яе слоў, гэтае адкрыццё з'яўляецца вельмі важным для далейшага вывучэння Юрскага перыяду ў цэлым і старажытнай фаўны Пірэнейскага паўвострава ў прыватнасці.