Вынесены яшчэ адзін прысуд удзельніку жнівеньскіх падзей 2020 года ў Жлобіне

Суд Жлобінскага раёна вынес прысуд жыхару райцэнтра Сяргею Ганічаву, абвінаваціўшы яго паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе «Вясна».

29.08.2022 / 12:06

21-гадовага Сяргея Ганічава, былога студэнта Беларускай дзяржаўнай сельcкагападарчай акадэміі, затрымалі пры канцы мая 2022 года.

Да суда абвінавачаны ўтрымліваўся ў СІЗА №3 Гомеля.

Па матэрыялах абвінавачання, вечарам 9 жніўня 2020 года Ганічаў удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Жлобіне. Прыкладна ў 21:40 у складзе натоўпу, які шчыльна запоўніў тэрыторыю паміж будынкамі, выйшаў на праезную частку. Недзе да паловы на другую ночы пратэстоўцы перашкаджалі руху транспарту, пляскалі ў далоні, гучна крычалі, свісталі, выкрыквалі лозунгі, дэманстратыўна адмаўляліся ад выканання «законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады». Гэтыя дзеянні прывялі да парушэння нармальнай працы транспарту, у тым ліку і грамадскага. Акрамя таго, на некалькі гадзін была вымушаная зачыніцца кругласутачная крама.

Суд прызнаў Сяргея Ганічава вінаватым і прыгаварыў яго да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Nashaniva.com