Ухілісту ад прызыву з Гродна далі год «хіміі». 20% прызыўнікоў Гродна наогул ухіліся ад атрымання позвы
Паказальны суд над ухілістам адбыўся ў Гродзенскім ваенкамаце. У залу былі запрошаныя будучыя прызыўнікі, маладыя людзі, якія цяпер праходзяць медыцынскую камісію і ў найбліжэйшы час адправяцца ў войска, паведамляе «Гродзенская праўда».
29.08.2022 / 13:29
Як распавёў начальнік аддзела прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята горада Гродна і Гродзенскага раёна Міхаіл Пазнякоў, раней малады чалавек выкарыстаў адтэрміноўку ў сувязі з атрыманнем адукацыі. Ён не зʼявіўся на медыцынскі агляд па позве без важкай прычыны.
Прысуд суда — адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.
Гэта першы абвінаваўчы прысуд па выніках вясновай прызыўной кампаніі.
Матэрыялы яшчэ на 24 гродзенскіх ухілістаў знаходзяцца ў Следчым камітэце на разглядзе.
Вясновая прызыўная кампанія доўжылася з лютага па май.
Апавяшчэнню падлягалі 1928 маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў з Гродна і Гродзенскага раёна.
Амаль 20% з іх уручыць позвы не ўдалося, таму што тыя знаходзіліся за межамі краіны або наўмысна хаваліся.
20-25 чалавек з Гродна і Гродзенскага раёна за прызыў становяцца ўхілістамі.
— Частка прызыўнікоў, атрымаўшы позву, з'язджае ў краіны Еўрасаюза, Украіну, якія адмаўляюць нам у экстрадыцыі, спасылаючыся на тое, што ў іх за гэтае дзеянне крымінальная адказнасць не прадугледжаная, — адзначыў Міхаіл Пазнякоў.
1 жніўня пачаўся восеньскі прызыў. Позвы з ваенкамата ў Гродна і Гродзенскага раёна атрымаюць амаль 3300 чалавек. Каля 60 працэнтаў з іх, паводле папярэдніх звестак, атрымаюць адтэрміноўкі на розных падставах.