Сілавікі і Качанава хочуць адпраўляць алкаголікаў у ЛПП без рашэння суда, і каб яны самі за гэта плацілі

30 жніўня старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на нарадзе з дэпутатамі, намеснікамі старшыні аблвыканкамаў, сілавікамі, медыкамі і педагогамі абмяркоўвала, што трэба рабіць далей з п'яніцамі, піша «СБ».

30.08.2022 / 21:56

Качанава заявіла, што трэба «прымаць больш сур'ёзныя меры ў адносінах да тых асобаў, якія злоўжываюць і не даюць спакойна жыць сваім сем'ям, так і грамадству ў цэлым». Для гэтага Савет Рэспублікі, маўляў, рэгулярна праводзіць выязныя прэзідыумы, нарады і дыялогавыя пляцоўкі, падчас якіх думае, што з гэтым рабіць.

Сур'ёзныя меры ў беларускіх уладаў, як правіла, аднаго характару — рэпрэсіўныя. Прысутны на нарадзе намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка прапанаваў накіроўваць алкаголікаў у восем існуючых на сённяшні дзень ЛПП, але рабіць гэта па больш простай схеме, чым раней.

Паводле слоў Назаранкі, Лукашэнка нядаўна даў даручэнне МНС спрасціць парадак накіравання алкаголікаў у ЛПП, выключыўшы прыняцце рашэння судом. Паводле падрыхтаванага сілавікамі закона,

пасля яго прыняцця будзе дастаткова правядзення толькі аднаго медыцынскага агляду, а пасля таго можна будзе накіроўваць чалавека ў ЛПП па агульным парадку.

Качанава пры гэтым заўважыла, што

сам хворы на алкагалізм мусіць адпрацаваць сваё ўтрыманне ў ЛПП, бо «дзяржава марнуе грошы на ўтрыманне людзей, якія знаходзяцца там, і на выхадзе павінен быць вынік».

Паводле звестак на 2021 год, у Беларусі на афіцыйным уліку ў нарколагаў знаходзіцца блізу 160 тысяч алкаголікаў. Узровень ужывання алкаголю ў Беларусі ў 2020 годзе складаў 10,8 літра чыстага спірту на чалавека ва ўзросце ад 15 гадоў.

Nashaniva.com