Затрымалі Паўла Мажэйку. У адзін дзень з адвакаткай мастака Пушкіна

дапоўнена

Журналіст і кіраўнік гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» з 30 жніўня знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Гая. Ён затрыманы на 72 гадзіны.

31.08.2022 / 12:24

Прычыну затрымання блізкія пакуль не раскрываюць.

30 жніўня ў яго дома быў ператрус — ён доўжыўся больш за шэсць гадзін. Пасля гэтага Мажэйка не выйшаў на сувязь.

У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным у рамках справы «аб рэабілітацыі нацызму» за дэманстрацыю партрэта ўдзельніка антысавецкага падполля Аўгена Жыхара. Але тады Мажэйку вызвалілі пасля 72 гадзін арышту.

Павел — вядомы гродзенскі журналіст, адна з галоўных асобаў грамадска-культурнага жыцця Гродна. Яго журналісцкі стаж налічвае больш за 20 гадоў. У 2002 годзе атрымаў два гады хіміі за «паклёп» на Аляксандра Лукашэнку ў артыкуле ў газеце «Пагоня» пра знікненні Захаранкі, Ганчара ды іншых апанентаў кіраўніка Беларусі.

У родным горадзе стварыў Цэнтр гарадскога жыцця. Цэнтр быў ліквідаваны ўлетку 2021 года.

Затрымалі яго ў адзін дзень з былой адвакаткай мастака Алеся Пушкіна Юліяй Юргілевіч.

Nashaniva.com