Пранк, які выйшаў з-пад кантролю. СТБ расказала пра мінскую школу імя Джорна Джавана — але такога чалавека не існуе

У адным з сюжэтаў на тэлеканале СТБ расказвалі пра тое, як дзеці вучацца правілам дарожнай бяспекі. Адбываецца гэта ў мінскай школе №170 «імя Джорна Джавана». Можа, гэта вядомы камуніст ці дзеяч мастацтва? Падобна, тэлевізійшчыкі павяліся на дзіцячы розыгрыш.

01.09.2022 / 09:32

Сюжэт выйшаў яшчэ ў маі, але ў сацсетках на яго звярнулі ўвагу цяпер.

Афіцыйная назва навучальнай установы — сярэдняя школа №170. Ніякіх імёнаў вядомых дзеячаў ёй не прысвойвалі.

Скрыншот дакумента з сайта школы

На гугл-картах яна сапраўды падпісаная імем Джорна Джавана. Хутчэй за ўсё, гэта «перайменаванне» ў інтэрнэце здарылася ў 2021 годзе. Віной таму — трэнд у тыктоку. Тады беларускія і расійскія падлеткі пачалі прысвойваць школам адвольныя імёны — сапраўдных людзей ці персанажаў гульняў і кіно.

Джорна Джавана — персанаж мангі і анімэ Jojo.

Nashaniva.com